Лукашэнка паабяцаў раз на месяц публічна разбіраць скаргі аб прыніжэнні чалавека

31.08.2010 16:02
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня правёў нараду па разборы скаргі працаўнікоў Нацыянальнага парку "Прыпяцкі" на дзеянні асобных супрацоўнікаў праваахоўных органаў. "Раз на месяц я публічна буду разбіраць скаргі, дзе прыніжаецца чалавек", — заявіў прэзідэнт па заканчэнні нарады.

«Падобныя нарады стануць практыкай у маёй працы, таму што мінскія кулуарныя разважанні вялікіх начальнікаў і закалыхванні, просьбы і патрабаванні не заўсёды даюць вынік. Без публічнасці і разгляду на месцах мае патрабаванні, напэўна, не маюць такога ўздзеяння на працэсы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паведаміў, што наступным разам ён разгледзіць вядомую гісторыю з кіраўніком гарадзенскага мясакамбіната. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, падобныя скаргі патрабуюць разгляду на найвышэйшым узроўні, паколькі не могуць быць вырашаныя без умяшання кіраўніка дзяржавы, перадае АФН.

«Па прынцыпе «Васька слухае ды есьць» некаторыя структуры, які трохі нахабнічаюць, пачынаюць лічыць сябе вышэйшымі за закон. Да міліцыі маса пытанняў. Яны часам забываюць пра тое, што яны народная міліцыя, але не паліцыя і не кучка бандытаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Такая была рэакцыя кіраўніка дзяржавы на дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ў ходзе расследавання крымінальнай справы ў нацыянальным парку «Прыпяцкі» неаднаразова перавысілі службовыя паўнамоцтвы. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да зрыву некалькіх паляўнічых тураў, якія прыносяць значны прыбытак.

Лукашэнка: мы павінны паступаць па законе і справядліва

Супрацоўнікі міліцыі расследвалі справу аб прадстаўленні інтым-паслугаў наведнікам нацыянальнага парку «Прыпяцкі», якія аказваў беларускі прыватны прадпрымальнік у дадатак да паляўнічых тураў. Акрамя ўсяго іншага, праваахоўныя органы спрабавалі выявіць факты злоўжывання з боку службовых асобаў пры арганізацыі і правядзенні палявання.

«Паўстае пытанне: якую мэту пераследвалі пры гэтым адпаведныя структуры? Калі вы хацелі адлавіць і пакараць чалавека, які займаўся сутэнёрствам, я гэта вітаю. Ніхто не мае права займацца падобным бізнэсам!», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час, прэзідэнт адзначыў, што ў дадзенай сітуацыі «праваахоўныя органы спрабуюць знайсці пад каменем тое, што там ніколі не ляжала і не ляжыць». Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка пажадаў дэталёва разабрацца ў сітуацыі, а прававую ацэнку, па яго словах, павінен даць генпракурор. «Вось мы на месцы і разбярэмся, але ўжо з сур’ёзнымі арганізацыйнымі высновамі, якія могуць узнікнуць пасля», — дадаў прэзідэнт.

У той жа час, па словах кіраўніка дзяржавы, «гэта павінна быць першая і апошняя размова на гэтую тэму». «Мы павінны паступаць па законе і справядліва. У законе ўсё не прапішаш. Але разуменне чалавечых адносіны, якое выяўляецца ў справядлівасці, у дадатак да закону — гэта будзе найвышэйшая мэта і правіла нашага служэння грамадству і людзям. Усё павінна быць па-людску», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки