Мабільны аператар life:) не згодны з загадам міністэрства гандлю спыніць выкарыстанне рэкламы з фразай "Найбуйнейшая сетка 3G у Беларусі". Пра гэта гаворыцца ў каментары генеральнага дырэктара life:) у Беларусі Азджана Эрміша, апублікаваным пасля рашэння мінгандлю.
«Мабільны аператар life:), кіруючыся законам і вызначанымі ў нашай дзяржаве правіламі, атрымаў усе ўзгадненні для выкарыстання фразы «Найбуйнейшая сетка 3G у Беларусі» ва ўсіх неабходных ведамствах. Міністэрства сувязі таксама дало сваё заключэнне аб тым, што 3G life:) самая буйная 3G сетка ў Беларусі», — адзначае Азджан Эрміш.
«Цяпер без усялякіх лагічных тлумачэнняў нашай кампаніі высланы загад міністэрства гандлю зняць рэкламу, бо яна неправамоцная. Мы не згодныя з гэтым загадам і хочам атрымаць тлумачэнні аб методыцы разлікаў у першым выпадку (калі рэклама была ўзгоднена) і ў другім выпадку (калі яе палічылі няслушнай). Ці ёсць логіка ў дзеяннях узгадняльных органаў, калі іх дзеянні супярэчлівыя ў такі кароткі часовы прамежак?» — задаецца пытаннем гендырэктар life:) у Беларусі.
У сваёй заяве Азджан Эрміш таксама ўказвае, што 8 кастрычніка мінсувязі апублікавала статыстыку, з якой вынікае, што сетка 3G life:) — самая вялікая ў Беларусі, перадае БелаПАН. «Па ўсіх паказчыках (колькасць базавых станцый, колькасць населеных пунктаў) відаць, што гэта праўда», — адзначае ён.
«Мы хочам, каб грамадскасць пачула аб гэтым інцыдэнце з рэкламай мабільнага аператара life:) і сама прыняла бок правага ў гэтай справе, кіруючыся фактамі і логікай», — падкрэсліў Азджан Эрміш.
Канфлікт пачаўся з таго, што неназваны грамадзянін звярнуўся ў мінгандлю з прапановай праверыць вонкавую рэкламу кампаніі life:), дзе мабільны аператар называе сваю 3G-сетку найбуйнейшай у Беларусі. У ходзе праверкі высветлілася, што ў працэсе ўзгаднення макетаў ў Мінгарвыканкаме мабільны аператар падаў ліст з мінсувязі, у якім пацвярджалася, што life:) усталяваў у краіне найбольшую колькасць базавых станцый з падтрымкай 3G.
Аднак мінгандлю, спасылаючыся на СТБ П 2004-2009, высвятліў, што сетка — гэта сукупнасць сот з размяшчэннем у іх базавых станцый, а сота — гэта базавы элемент сістэмы сотавай сувязі, вызначаны вобласцю радыёпакрыцця, якая забяспечваецца адной антэнай. Менавіта ў гэтым азначэнні, тлумачыць мінгандаль, і хаваецца супярэчнасць з заявай life:), бо велічыня сеткі вызначаецца не толькі колькасцю базавых станцый, але і адсоткам радыёпакрыцця. І вось акурат па адсотках радыёпакрыцця краіны сігналам 3G life:) не з’яўляецца лідарам, прыйшлі да высновы спецыялісты мінгандлю. І запатрабавалі прыбраць з рэкламы мабільнага аператара фразу «Найбуйнейшая сетка 3G у Беларусі».
Кампанія-лідар у тлумачэнні мінгандлю не называецца.