Дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка быў і застаецца галоўнай пагрозай для беларускага суверэнітэту. Пра гэта ў сваім адкрытым лісце да кіраўніка Літвы Далі Грыбаўскайце заявіла старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. «У сваім стаўленні да беларускай незалежнасці Лукашэнка не змяніўся», — заявіла яна.
Па словах старшыні Рады БНР, менавіта палітыка Аляксандра Лукашэнкі прывяла да палітычнай і эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі. На працягу доўгіх гадоў свайго прэзідэнцтва ён быў гатовы далучыць Беларусь да Расіі ў прыдуманым Масквой «саюзнай дзяржаве»», — лічыць Івонка Сурвіла, перадае «Салідарнасць».
«Прэзідэнт Лукашэнка зняважыў нацыянальныя сімвалы, у Беларусі знішчаецца нацыянальная культура, зачыняюцца беларускія школы, праводзіцца татальная русіфікацыя», — заявіла кіраўніца БНР.
У той жа час, Івонка Сурвіла адзначыла, што ў 1989-1991 гадах менавіта беларуская апазіцыя падтрымала дэмакратычныя сілы Літвы ў іх імкненні да незалежнасці і адраджэння нацыянальнай дзяржавы. «Нагадаю таксама, што ў той час многія на Захадзе былі схільныя апраўдаць дзеянні Гарбачова (кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова — Тэлеграф), які, як ім здавалася, быў гарантам стабільнасці. Гісторыя, аднак, распарадзілася інакш — менавіта салідарнасць нацыянальных рухаў паспрыяла распаду савецкай імперыі», — падкрэсліла лідарка беларускай палітэміграцыі.
У той жа час, яна выказала падзяку Далі Грыбаўскайце за «клопат у дачыненні да беларускай незалежнасці, калі некаторыя цяперашнія кандыдаты ў прэзідэнты выказваюць празмерныя сімпатыі да Расіі, тады як уся гісторыя паказвае, што Масква заўсёды імкнулася захапіць нашу краіну».
Як раней перадаваў Тэлеграф, Даля Грыбаўскайце ў лістападзе, выступаючы перад пасламі краін ЕС у Вільні, заявіла, што перамога Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі абмяжуе ўплыў Масквы на Мінск і дазволіць захаваць стабільнасць у суседняй з ЕС краіне.