Кандыдат на пост прэзідэнта Беларусі Алесь Міхалевіч выступіў 22 лістапада з тэлезваротам да выбаршчыкаў. Было выразна відаць, што малады палітык хваляваўся. Тым не менш, ён адразу папярэдзіў, што не хоча "ўдзельнічаць у спаборніцтве абяцанняў кандыдатаў". У сувязі з гэтым свой выступ ён зладзіў у форме «пытанне — адказ».
Кандыдат з’явіўся перад гледачамі ў чырвоным гальштуку, паставіўшы ў куце экрана свой ноўтбук, з якога ён і зачытваў пытанні, звернутыя да яго выбаршчыкамі. Выступаў ён у асноўным па-расійску, толькі двойчы перайшоўшы на беларускую мову, адказваючы на беларускамоўныя пытанні.
Алесь Міхалевіч з самага пачатку заўважыў, што сённяшняя эканамічная мадэль састарэлая. Па яго словах, яна была актуальная ў канцы 1990-х гадоў — пачатку новага стагоддзя, аднак перастала адпавядаць сённяшнім запатрабаванням. Таму, незалежна ад таго, хто пераможа на выбарах, эканамічную мадэль давядзецца мяняць, заявіў кандыдат.
Па яго словах, што ў часы прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі не будавалі буйныя прадпрыемствы, пабудаваныя ж пры СССР больш не прынясуць звышпрыбыткаў.
Гаворачы аб прыватызацыі, Алесь Міхалевіч паведаміў, што яна не з’яўляецца самамэтай. «Мэта — эканамічная эфектыўнасць», — заявіў ён, адзначыўшы таксама, што варта адмяніць кантрактную сістэму і ўвесці самакіраванне.
Кандыдат выступіў за захаванне членства Беларусі ў рамках Мытнага саюза, але, толькі калі, гэта будзе выгадна. «Калі гэта будзе эфектыўным, то варта застацца», — лічыць палітык. Пры гэтым ён падкрэсліў, што варта шукаць «менш ідэалогіі, а больш эканомікі».
Таксама ён выступіў за прыцягненне расійскіх інвестыцый, тым больш, што, па яго словах, яны могуць ісці ад беларусаў, якія пражываюць у Расіі.
Міхалевіч: нейтральны не значыць пацыфісцкі
Алесь Міхалевіч заявіў, акрамя таго, аб неабходнасці захавання арміі, пры адначасовым нейтралітэце краіны. «Я за тое, каб Беларусь была нейтральнай дзяржавай. Але нейтральная не значыць пацыфісцкая», — адзначыў ён.
На яго думку, Беларусь павінна праводзіць сумесныя вучэнні як з НАТО, так і з Расіяй. Кандыдат выступіў супраць выбару паміж Еўрасаюзам і Расіяй. На яго думку, неабходна развіваць адносіны і з Захадам, і з Расіяй, звярнуўшы пры гэтым увагу на поўдзень і поўнач — Украіну і Скандынавію. Як лічыць палітык, у ЕС Беларусь не чакаюць. Аб уступленні ж у Еўрасаюз, па яго словах, павінен будзе думаць праз 10-20 гадоў ужо наступны прэзідэнт.
Кандыдат з’яўляецца заўзятым супернікам прызнання як Абхазіі і Паўднёвай Асетыі, так і Косава. Паводле яго слоў, у Еўропе павінны захоўвацца пасляваенныя мяжы, інакш кантынент ператворыцца ў поле баявых дзеянняў.
Міхалевіч: неабходна ўвесці эканамічную амністыю
Алесь Міхалевіч упэўнены, што скарачаць колькасць міліцыянтаў не трэба, бо «пасля эканамічных пераўтварэнняў непазбежны рост злачыннасці». Акрамя таго, палітык заявіў, што ўсе афіцэры ўзброеных сіл павінны атрымліваць па заканчэнні службы дом у тым месцы, дзе яны пажадаюць. Ён таксама выступіў супраць вялікай амністыі, за выключэннем амністыі для людзей, асуджаных па «эканамічных» артыкулах.
Разам з тым кандыдат не лічыць магчымым павышэнне пенсій у краіне, бо і сённяшняе павышэнне, на яго думку, адаб’ецца ростам цэн і падвышэннем курсу даляра. Ён таксама выступіў за ўвядзеньне прыватнай уласнасці на зямлю, паколькі гэта прыцягне інвестараў і паспрыяе развіццю сельскай гаспадаркі.
Свой выступ Алесь Міхалевіч завяршыў словамі аб неабходнасці ўвесці забарону на вытворчасць і продаж у краіне пладова-ягадных вінаў, больш вядомых як «чарніла», або «бырла».