Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі папярэдзіла апазіцыю аб адказнасці за правядзенне масавых акцый на Кастрычніцкай плошчы Мінску. Як нагадаў намеснік кіраўніка МУС Яўген Полудзень, правядзенне масавых мерапрыемстваў у гэтым месцы забаронена яшчэ з 1998 года, калі Мінгарвыканкам прызнаў Кастрычніцкую плошчу гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
За правядзенне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт.23.34 КаАП Беларусі, які прадугледжвае для ўдзельнікаў падобных акцый штраф у памеры да 30 базавых велічынь, для арганізатараў — да 40 базавых велічынь, нагадаў прадстаўнік МУС.
За паўторны ўдзел у такіх мерапрыемствах прадугледжаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь, перадае БелТА. Таксама як мера пакарання можа быць ужыты адміністрацыйны арышт, адзначыў намеснік міністра.
Акрамя таго, падкрэсліў Яўген Полудзень, калі акцыі апазіцыі выльюцца ў масавыя беспарадкі, то для іх арганізатараў можа наступіць і крымінальная адказнасць.
У сувязі з гэтым намеснік кіраўніка МУС выказаў надзею на тое, што апазіцыйныя кандыдаты будуць выконваць закон і не прымуць удзелу ў магчымых акцыях на Кастрычніцкай плошчы Мінску, а агітацыю будуць праводзіць строга ў адведзеных для гэтага Мінгарвыканкамам месцах, да якіх не адносяцца Кастрычніцкая плошча, а таксама плошчы Незалежнасці, Перамогі і імя Я. Коласа.