Telegraf.news

Лондан заклікаў Мінск супрацоўнічаць з АБСЕ у расследаванні "Плошчы"

Подпишитесь на Телеграф:
Редакция

Вялікабрытанія і 13 іншых краін-членаў АБСЕ 6 красавіка ў Вене прапанавалі Беларусі супрацоўнічаць з місіяй міжнародных экспертаў з мэтай збору фактаў для расследавання дзеянняў, звязаных з падаўленнем дэманстрацый пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і наступнымі падзеямі, паведамілі ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Мінску.

“Гэтая просьба была выказана ў адпаведнасці з пагадненнем АБСЕ, вядомым як “Маскоўскі механізм”. Гэты механізм быў узгоднены ўсімі дзяржавамі-членамі АБСЕ, уключаючы Беларусь, у якасці сродку для садзейнічання захаванню і павазе правоў чалавека, асноўных свабод, дэмакратыі і вяршэнства закона шляхам дыялогу і супрацоўніцтва”, - паведаміў брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан.

“На думку 14 зацікаўленых дзяржаў, правядзенне выбараў і прымяненне ўрадам Беларусі жорсткіх мер у дачыненні да кандыдатаў ад апазіцыі, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і журналістаў; масавыя арышты і асуджэнні дэманстрантаў і журналістаў пасля выбараў, паведамленні аб катаваннях, пераследах прымусе і запалохванні, уяўляюць сабой сур’ёзную пагрозу для выканання Беларуссю абавязацельстваў АБСЕ. Яны выкладзены ў гістарычным Хельсінкскім заключным акце ад 1975 года і наступных дакументах АБСЕ, з якімі пагадзіліся ўсе краіны-члены АБСЕ і якія ўключаюць у сябе шырокія абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, асноўных свабод, дэмакратыі і вяршэнства закона. Злучанае каралеўства, яшчэ раз, заклікае беларускія ўлады пакласці канец ганебным падзеям, звязаным з выбарамі 19 снежня, што працягваюцца па гэты дзень. Мы настойліва заклікаем урад Беларусі неадкладна спыніць кампанію рэпрэсіяў супраць апазіцыйных кандыдатаў, удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі, журналістаў, юрыстаў, студэнтаў і многіх іншых”, - заявіў брытанскі міністр.

“У Астане на саміце АБСЕ ў снежні 2010 года, усе дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ, у тым ліку Беларусь, пацвердзілі, што яны падсправаздачныя сваім грамадзянам і нясуць адказнасць адна перад адной за поўнае выкананне ўсіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ. Усе дзяржавы пацвердзілі, што мы разглядаем абавязацельствы перад АБСЕ як наша агульнае дасягненне і таму лічым іх пытаннямі, якія ўяўляюць непасрэдны і законны інтарэс для ўсіх дзяржаў-членаў”, - адзначыў Дэвід Лідынгтан.

Паводле яго слоў, расследаванне і справаздача, прадугледжаныя “Маскоўскім механізмам”, павінны дапамагчы Беларусі выканаць свае абавязацельствы. “Мы заклікаем Беларусь супрацоўнічаць з гэтай ініцыятывай, мэтай якой з’яўляецца карысць Беларусі і яе народу”, - адзначыў міністр.

Як паведамляў Тэлеграф, Беларусь абвінавачвае “асобныя краіны Захаду” ў спробах уцягнуць Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе у  “палітыку сілавога ціску на Беларусь” з выкарыстаннем “любых сродкаў”. Пра гэта заявіў на брыфінгу ў Мінску 7 красавіка начальнік упраўлення інфармацыі міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

Темы:
Как вам новость?