Лідары апазіцыі: выбараў у Беларусі не было і няма

05.04.2010 14:19
Архив Редакция

Рэальныя выбары ў Беларусі адсутнічаюць. З такой заявай выступілі лідары беларускай апазіцыі. "Замест абяцанай лібералізацыі ўлады працягнулі выкарыстоўваць тактыку запалохвання дэмакратычных актывістаў, чальцоў іх каманд, а таксама грамадзян, якія паставілі подпісы за вылучэнне апазіцыйных кандыдатаў", — гаворыцца ў заяве.

Апазіцыйныя палітыкі адзначаюць, што ўсе абяцанні прадстаўнікоў улад, пачынаючы ад прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнки і скончваючы кіраўніцай Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, пра тое, што гэта выбарчая кампанія будзе адпавядаць стандартам празрыстых, вольных і справядлівых выбараў, засталіся ўсяго толькі прапагандысцкімі заявамі.

Па меркаванні палітыкаў, цяперашняя выбарчая кампанія, у сутнасці, нічым прынцыпова не адрозніваецца  ад папярэдніх, якія міжнародная супольнасць не прызнала вольнымі і справядлівымі, паведамляе «Беларускі партызан».

«Інстытут выбараў у Беларусі знаходзіцца ў татальным крызісе. У пераважнай большасці выбарчых акруг выбары праходзяць на безальтэрнатыўнай аснове. Сярэдняя колькасць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты на адну акругу складае меней за 1,2. Следствам поўнай дэградацыі выбарчай сістэмы  стала фактычнае прызначэнне дэпутатаў», — адзначаецца ў дакуменце.

Лідары апазіцыі сцвярджаюць, што вынікі, якія ўлада абвесціць па сканчэнні выбараў 25 красавіка 2010 года, не могуць лічыцца адлюстраваннем волі беларускіх выбарнікаў.

Дадзеную заяву апазіцыі падпісалі старшыня Беларускай  партыі  «Зялёныя» Алег Новікаў, Беларускай партыі жанчын «Надзея» Алена Яськова, старшыня Беларускай партыі  левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, БСДГ Станіслаў Шушкевіч, БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч, лідар АГП Анатоль Лябедзька, лідар Руху «За Свабоду», Аляксандр Мілінкевіч, старшыня аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб’яднання «Рух за вольнае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня аргкамітэта па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімір Навасяд, старшыня аргкамітэта па стварэнні Партыі працоўных Аляксандр Бухвостаў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Как вам новость?
Головоломки