У Беларусі выконваюцца зацверджаныя паказчыкі па ўзроўні заработнай платы. Так, у верасні сярэдні заробак ў Беларусі склаў 430 даляраў, у бюджэтнай сферы — 331 даляр. Пра гэта 12 лістапада ў Полацку заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі. "Аднак пытанне не ў росце заработнай платы, а ў тым, каб павышаць яе праз прыбытковасць прадпрыемстваў і такім чынам атрымліваць рэальную зарплату", — лічыць ён.
«Безумоўна, павышэнне заработнай платы з’яўляецца прыярытэтам, аднак на першае месца неабходна ставіць тэхналагічнае развіццё прадпрыемстваў. Менавіта ў гэтым урад бачыць будучыню», — адзначыў Сяргей Сідорскі, адказваючы на пытанні працоўных ААТ «Полацк-Шкловалакно».
На думку кіраўніка ўрада, кожнае прадпрыемства павінна асвойваць новыя віды канкурэнтаздольнай прадукцыі і значна павялічваць іх аб’ёмы вытворчасці, а таксама выбудоўваць высокатэхналагічную вытворчасць, перадае БелТА.
Акрамя таго, Сяргей Сідорскі паставіў перад прадпрыемствамі нафтахімічнай галіны задачу стаць транспарэнтнымі ў будучай пяцігодцы, то бок увайсці ў склад транснацыянальных кампаній. «Можна ствараць такія кампаніі з дзейнымі, а можна дамагацца прасоўвання сваёй прадукцыі на рынкі трэціх краін і быць там запатрабаванымі», — сказаў ён.