Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выдаў дэкрэт № 10, які прадугледжвае замацаванне за Мінскім гарвыканкамам функцыі заказчыка па аб'ектах будаўніцтва Парку высокіх тэхналогій (ПВТ), паведамілі ў прэс-службе Парку. Разам з тым за рэзідэнтамі і адміністрацыяй ПВТ захавана права па ўзгадненні з Мінгарвыканкамам выступаць заказчыкамі па будаўніцтву вытворчых і сацыяльных будынкаў.
Новы дэкрэт таксама вызначае парадак захавання статусу рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій для юрыдычных асобаў пры іх рэарганізацыі. У ліку іншага, рэзідэнтам Парку далі права здаваць у арэнду частку часова невыкарыстаных уласных вытворчых плошчаў на тэрыторыі ПВТ, а таксама прадстаўляць сваім супрацоўнікам за кошт прыбытку пазыкі на будаўніцтва і набыццё жылля.
Як растлумачылі ў ПВТ, рэалізацыя нормаў прэзідэнцкага дэкрэту будзе спрыяць паскарэнню будаўніцтва аб’ектаў Парку і павышэнню эфектыўнасці яго дзейнасці. У цяперашні час рэзідэнтамі Парку высокіх тэхналогій з’яўляецца 94 кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай праграмных прадуктаў і прадстаўленнем ІТ-паслуг кліентам з 50 краінаў свету.