Намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін выказаў глыбокае расчараванне рашэннем Мінскага гарадскога суда, які 27 снежня адмовіў у вызваленні расійскіх грамадзян, затрыманых за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску. Пра гэта 28 снежня распавёў амбасадар Беларусі ў Расіі Васіль Даўгалёў.
Па словах Васіля Даўгалёва, намеснік кіраўніка МЗС Расіі «асабліва падкрэсліў, што падобная пазіцыя беларускага боку па гэтым пытанні не адпавядае духу традыцыйна сяброўскіх расійска-беларускіх адносін», перадае БелаПАН.
У МЗС Расіі лічаць, што беларускія ўлады павінны неадкладна вызваліць усіх расійскіх грамадзян, затрыманых у Мінску 19 снежня, бо іх далейшае ўтрыманне пад арыштам «наносіць шкоду палітычнай атмасферы ў двухбаковых адносінах». Васіль Даўгалёў паабяцаў давесці пазіцыю расійскага боку да кіраўніцтва Беларусі.
Прэс-сакратар амбасады Расіі Вадзім Гусеў паведаміў, што 28 снежня восем грамадзян Расіі, прысуджаных да розных тэрмінаў адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, падалі скаргі ў Вярхоўны суд Беларусі. «Трое з 11 затрыманых расійцаў прысуджаныя да дзесяці сутак, якія сканчаюцца заўтра (29 снежня), а яшчэ восем — да 15 сутак, якія мінаюць 4 студзеня. Мы будзем рабіць усё магчымае і дамагацца таго, каб расійскія грамадзяне сустрэлі навагоднія святы ў коле сваіх сваякоў», — заявіў Вадзім Гусеў.
ЛДПР патрабуе неадкладна вызваліць затрыманых расійцаў
Неадкладнага вызвалення з-пад варты затрыманых расійцаў запатрабавалі таксама і члены Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі. Як паведамілі ў прэс-службе ЛДПР, партыя «катэгарычна супраць утрымання ў беларускіх СІЗА расійскіх грамадзян». «Яны не павінны стаць ахвярамі лукашэнкаўскай «дэмакратыі»! Патрабуем ад расійскага МЗС жорсткіх санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў!» — гаворыцца ў заяве партыі.