Міністэрства аховы здароўя спрасціла парадак пастаноўкі новай прадукцыі на вытворчасць

19.11.2010 10:14
Архив Редакция

Міністэрства аховы здароўя Беларусі спрасціла парадак пастаноўкі новай прадукцыі на вытворчасць. У прыватнасці, міністэрства ўнесла змены ў санітарныя правілы і нормы, зменшыла каэфіцыенты рэзерву пры правядзенні лабараторных даследаванняў, а таксама адмяніла абавязковае ўзгадненне з органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду схемаў і праграмаў вытворчага лабараторнага кантролю.

Як стала вядома журналісту Тэлеграфа, цяпер прадпрыемствы, якія маюць сертыфікаваную сістэму мэнэджменту якасці і сістэму кіравання якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў на аснове прынцыпаў аналізаў рызык і крытычных кантрольных кропак (НАССР) або сертыфікаваную сістэму мэнэджменту бяспекі харчовых прадуктаў (ІСО) могуць самастойна праводзіць дадзеную працэдуру. Гэта значыць неабходныя лабараторныя даследаванні прадпрыемства можа праводзіць у любой акрэдытаванай лабараторыі, у тым ліку ва ўласнай.

У Міністэрстве аховы здароўя таксама паведамілі, што ў рамках распрацоўкі дамоўна-прававой базы Мытнага саюза па санітарных мерах на 70% скарочаны спіс прадукцыі, якая раней падлягае дзяржаўнай гігіенічнай рэгістрацыі. Цяпер дзяржрэгістрацыя неабходная толькі для патэнцыйна небяспечных у санітарна-эпідэміялагічным плане тавараў (напрыклад, малочныя і мясныя прадукты, якія змяшчаюць у складзе геннамадыфікаваныя кампаненты, прадукты харчавання для дзяцей, спартоўцаў, цяжарных і кормячых жанчын, біялагічна актыўныя дабаўкі да ежы, харчовыя дабаўкі).

Акрамя таго, сёння сведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, аформленае па адзінай форме, дзейнічае бестэрмінова і на ўсёй тэрыторыі Мытнага саюза.

Як растлумачылі ў міністэрстве, галоўнай мэтай гэтых спрашчэнняў з’яўляецца стварэнне эфектыўнай арганізацыі дзейнасці санітарна-эпідэміялагічнай службы, спрыяльнага інвестыцыйнага клімату, а таксама садзейнічанне выпуску прадукцыі, якая адпавядае сусветным стандартам якасці і бяспекі.

Как вам новость?
Головоломки