Першы віцэ-прэм'ер Казахстана Умірзак Шукееў заявіў першага чэрвеня, што ўсе перамовы па стварэнні Мытнага саюза завершацца 18 чэрвеня. Па яго словах, гатоўнасць да гэтага выказалі прэзідэнты Расіі і Казахстана Дзмітрый Мядзведзеў і Нурсултан Назарбаеў.
«Гэта будзе заключнае паседжанне камісіі Мытнага саюза ў Санкт-Пецярбургу, пасля якога ўжо ў пачатку ліпеня прэзідэнты (Расіі і Казахстана) збяруцца ў Астане і паставяць кропку над усім гэтым працэсам», — сказаў намеснік кіраўніка казахстанскага ўрада, перадае ІА «Навіны-Казахстан» .
Умірзак Шукееў дадаў, што сустрэча лідараў Казахстана і Расіі запланавана ў Астане чацвёртага-пятага ліпеня.
Як раней паведамляў Тэлеграф, 28 траўня ў Санкт-Пецярбургу прэм’ер-міністры РФ і Казахстана падпісалі пакет дакументаў аб Мытным кодэксе МС, які ўступіць у сілу з першага ліпеня. Беларускі прэм’ер на сустрэчу не прыехаў праз патрабаванне Мінску да Масквы адмяніць экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты. У выніку Беларусі прапанавалі далучыцца да Мытнага саюзу пазней, калі будуць знятыя ўсе супярэчнасці.
Першага чэрвеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Мытным саюзе «гатовы пайсці на любыя кампрамісы, саступкі, нават калі яны на нейкі перыяд будуць для нас цяжкаватымі і адчувальнымі». «Адзінае, мы хацелі б, каб усё было прыстойна і каб любыя нашыя адносіны былі заснаваныя на раўнапраўі і павазе», — падкрэсліў беларускі лідар.