Давераныя асобы кандыдатаў у прэзідэнты лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева і кіраўніка руху «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава заяўляюць аб немагчымасці правядзення паўнавартаснай агітацыі. Па словах актывістаў, напрыклад, у Магілёве адміністрацыі раёнаў выбралі для гэтых мэтаў бязлюдныя месцы, дзе пікетаваць неэфектыўна і бескарысна.
«Мы лічым неабходным, каб улады тэрмінова перагледзелі сваё рашэнне і павялічылі спіс месцаў для інфармавання выбаршчыкаў і правядзення паўнавартаснай агітацыі», — адзначыла давераная асоба Андрэя Саннікава Віктар Болдзін, цытуючы сумесную заяву прадстаўнікоў абодвух кандыдатаў, перадае БелаПАН.
Таксама штабы кандыдатаў у прэзідэнты скардзяцца на тое, што Цэнтрвыбаркам не дае грошай на правядзенне агітацыі. Па словах прадстаўнікоў апазіцыі, з боку ЦВК назіраецца цяганіна: «Там захацелі ўзгадняць арыгінал-макеты агітацыйнай друкаванай прадукцыі, а старшыню камісіі давялося чакаць да заканчэння працоўнага дня», паведамляе «Беларусы і рынак».
Што тычыцца асабістых фондаў кандыдатаў, якія ўпершыню ствараюцца на прэзідэнцкіх выбарах, куды яны маюць права збіраць ахвяраванні, то аб іх адкрыцці нічога не вядома. Калі кандыдаты і паспелі адкрыць адпаведныя рахункі ў «Беларусбанку», то Цэнтрвыбаркам яшчэ не даў адпаведных аб’яваў у прэсе.
Як раней перадаваў Тэлеграф, 18 лістапада ЦВК зарэгістраваў 10 кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Імі сталі намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка, дырэктар прадпрыемства «Трывіум» Дзмітры Ус.