Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў 22 лістапада накіраваў заяву ў ЦВК з просьбай рэкамендаваць аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенні IV Усебеларускага народнага сходу запрасіць усіх зарэгістраваных кандыдатаў у прэзідэнты на ўсенародны форум. Аб гэтым карэспандэнту Тэлеграфа паведаміла Раіса Міхайлоўская, юрыстка грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", якую ўзначальвае Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў лічыць, што не толькі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, які балатуецца ў прэзідэнты, але і астатнія кандыдаты павінны мець права выступіць на ўсенародным форуме.
«Два перадвыбарчыя выступы кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, якіх відавочна недастаткова, а таксама дэбаты сканчаюцца 5 снежня 2010 года. Пасля гэтага ў краіне практычна пачнецца агітацыйная кампанія толькі аднаго кандыдата — дзейнага прэзідэнта, які і без гэтага не сыходзіць з экранаў тэлебачання», — адзначаецца ў заяве Уладзіміра Някляева.
У сувязі з гэтым Уладзімір Някляеў у прэзідэнты таксама выступіў з просьбай прадаставіць дадатковы час для выступлення кандыдатаў у эфіры на радыё і тэлебачанні.
Акрамя таго, па словах юрыста кампаніі «Гавары праўду!», каманда Уладзіміра Някляева перакананая, што ў цяперашні час у дзяржаўных СМІ інфармацыя аб альтэрнатыўных кандыдатах замоўчваецца. «Дзяржаўная прэса цалкам не выконвае свае функцыі па арганізацыі агульнадаступнай пляцоўкі для абмеркавання перадвыбарных платформаў. Па сутнасці, здзяйсняецца службовае злачынства — утойванне інфармацыі», — падкрэсліла юрыстка кампаніі. Так, Раіса Міхайлоўская ўказала на той факт, што на дзяржаўным тэлебачанні падчас асвятлення рэгістрацыі ЦВК кандыдатаў нават не быў агучаны поўны спіс зарэгістраваных кандыдатаў.
Для таго, каб стварыць роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты Уладзімір Някляеў прапануе Цэнтральнай выбарчай камісіі «рэкамендаваць дзяржаўным радыё- і тэлеканалам праводзіць шырокае аб’ектыўнае асвятленне ходу перадвыбарнай кампаніі, пазбягаючы негатыўных ацэнак асабістых і дзелавых якасцяў кандыдатаў у прэзідэнты, падаўшы грамадзянам права самім зрабіць высновы адносна кожнай кандыдатуры».
Акрамя таго, Уладзімір Някляеў заклікае ЦВК «рэкамендаваць рэдакцыям дзяржаўных СМІ ўстрымацца ад дадатковага асвятлення дзейнасці дзейнага прэзідэнта акрамя яго перадвыбарных выступаў на радыё і тэлебачанні ў перыяд з 6 па 18 снежня 2010 года».