Перамовы па пагадненні аб свабодным гандлі паміж краінамі-членамі Мытнага саюза і Еўрапейскай асацыяцыяй свабоднага гандлю (ЕАСГ) пройдуць 23 лістапада ў Жэневе. Пра гэта 18 лістапада на брыфінгу ў Мінску заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.
«Адбудзецца афіцыйнае адкрыццё перамоваў паміж дэлегацыяй Мытнага саюза і краінамі — членамі Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (Нарвегія, Швейцарыя, Ісландыя і Ліхтэнштэйн) па пагадненні аб свабодным гандлі», — паведаміў Андрэй Савіных, перадае БелТА.
Паводле яго слоў, афіцыйную беларускую дэлегацыю Беларусі на перамовах узначаліць міністр эканомікі Мікалай Снапкоў.
Як адзначыў Андрэй Савіных пагадненне аб свабодным гандлі, як дзейсны інструмент эканамічнай інтэграцыі, паспрыяе развіццю экспартнага патэнцыялу Беларусі на еўрапейскім кірунку. «Мы перакананыя, што пагадненне з «чацвёркай» ЕАСГ дасць імпульс гандлёваму і інвестыцыйнаму супрацоўніцтву паміж дзяржавамі Мытнага саюза і краінамі ЕАСГ, а таксама ўмацуе пазіцыі Мытнага саюза на міжнароднай арэне», — сказаў Андрэй Савіных.
Перамовы з ЕАСГ — гэта «другі важны крок пасля пачатку аналагічнага працэсу з Новай Зеландыяй ў напрамку фармавання больш спрыяльных умоў для знешняга гандлю з нашымі замежнымі партнёрамі», — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.
Як раней паведамляў Тэлеграф, краіны Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЕАСГ) 4 лістапада выказалі жаданне падпісаць пагадненне аб свабодным гандлі з Мытным саюзам Беларусі, Расіі і Казахстана.