У Беларусі паскорыцца працэс продажу дзяржмаёмасці

22.07.2010 08:57
Архив Редакция

Пасля ўступлення ў сілу ўказу прэзыдэнта Беларусі № 367, які тычыцца распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, працэс продажу дзяржмаёмасці ў краіне паскорыцца. Гэта стане магчымым дзякуючы змене ўзроўню прыняцця рашэнняў аб адчужэнні дзяржмаёмасці коштам да пяці тысяч базавых велічыняў, паведамілі карэспандэнту Telegraf.by ў Дзяржаўным камітэце па маёмасці.

У Беларусі 14 тыс. некарыстаных аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці было запланавана ўвесці ў гаспадарчы зварот у перыяд з 2007 па 2010 гады. Па стане на 1 ліпеня ўцягнута каля 11,2 тыс. аб’ектаў, гэта значыць больш за 80%, праінфармавалі ў ведамстве.

Аднак, як расказаў начальнік упраўлення па распараджэнні маёмасцю рэспубліканскай уласнасці Дзяржкаммаёмасці Ігар Ладуценка, статыстыка па продажах выглядае не так аптымістычна — з пяці тысяч аб’ектаў прададзена каля 3,2 тыс., то бок каля 64%.
 
У мэтах актывізацыі працэсу продажу дзяржаўнай уласнасці быў распрацаваны ўказ № 367 «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях распараджэння дзяржаўнай маёмасцю». Як раней паведамляў Тэлеграф, дадзены нарматыўны акт кіраўнік дзяржавы падпісаў 19 ліпеня. Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго апублікавання.

Па словах Ігара Ладуценкі, указ № 367 утрымлівае некалькі важных новаўвядзенняў. Па-першае, рашэнне аб продажы аб’ектаў коштам да пяці тысяч базавых велічынь будзе ўзгадняць Дзяржаўны камітэт па маёмасці, а не Савет Міністраў, як гэта было раней.

«У цяперашні час у адпаведнасці з заканадаўствам адчужэнне дзяржаўнай маёмасці коштам да дзесяці тысяч базавых велічыняў ажыццяўляецца па ўзгадненні з Саветам Міністраў, то бок для прыняцця рашэння неабходна адпаведная пастанова ўрада, — тлумачыць Ігар Ладуценка. — Мы прааналізавалі, як у залежнасці ад кошту размяркоўваюцца аб’екты, па якіх былі прыняты рашэнні па адчужэнні. Атрымалася, што аб’екты коштам да пяці тысяч базавых велічыняў складаюць каля 80% ад агульнай колькасці. Дзяржкаммаёмасць прапанавала такую норму ў мэтах спрашчэння і паскарэння працэдуры прыняцця рашэнняў, і, як вынік, актывізацыі прыцягнення невыкарыстаных аб’ектаў у камерцыйны зварот».

Пасля ўступлення ў сілу ўказу № 367 рашэнне аб адчужэнні такіх аб’ектаў будзе прымацца адпаведным міністэрствам, канцэрнам, органам дзяржкіравання па ўзгадненні з Дзяржаўным камітэтам па маёмасці. «У дадзеным выпадку змяняецца ўзровень прыняцця рашэння ў плане ўзгаднення», — адзначае Ігар Ладуценка.

На думку прадстаўніка Дзяржкаммаёмасці, дадзеная мера павінна дапамагчы скараціць час, неабходны для прыняцця рашэння аб продажы. На дадзены момант у сувязі з неабходнасцю шматлікіх узгадненняў працэс прыняцця рашэння па ўцягванні ў камерцыйны зварот аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці расцягваецца на два-чатыры месяцы. «З узгадненнем праекту ў Дзяржкаммаёмасці затрымак не будзе», — запэўніў Ігар Ладуценка.

Указ № 367 прадугледжвае магчымасць прадстаўлення растэрміноўкі пры аплаце набытай маёмасці. Раней дзейнае заканадаўства не давала магчымасці інвестару разлічвацца за набыты аб’ект у растэрміноўку. «Указ № 367 устанавіў норму, у адпаведнасці з якой прэзідэнтам можа быць прынята рашэнне аб прадстаўленні растэрміноўкі на аплату за аб’екты, якія маюць даволі высокі кошт — больш за дзесяць тысяч базавых велічыняў, інакш кажучы, па значных аб’ектах, — адзначае Ігар Ладуценка. — Ёсць аб’екты, якія інвестары былі гатовыя набыць, але ў сувязі з высокім коштам яны не маглі ўнесці ўсю суму адразу. З дапамогай растэрміноўкі мы прадалі б частку некарыстанай дзяржаўнай маёмасці. На наш погляд, прыняцце гэтай нормы дапаможа актывізаваць продаж».

Указ № 367 таксама змяніў умовы прадстаўлення ў арэнду памяшканняў, замацаваных за адміністрацыямі свабодных эканамічных зонаў. У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам адміністрацыі СЭЗ могуць здаваць у арэнду маёмасць, якая ім перададзеная ў аператыўнае кіраванне, толькі рэзідэнтам СЭЗ. Пасля ўступлення ў сілу ўказу № 367 арандаваць нерухомасць у СЭЗ змогуць таксама і нерэзідэнты. «Дадзеная норма прадугледжана па прапанове адміністрацый СЭЗ, — кажа Ігар Ладуценка. — Існуе маёмасць, якая не запатрабаваная рэзідэнтамі, аднак ёсць ахвочыя з ліку нерэзідэнтаў узяць яе ў арэнду. Гэта норма, на наш погляд, дазволіць уцягваць у зварот маёмасць».

Как вам новость?