Васілевіч: уладальнікі інтэрнэт-СМІ павінны адказваць за публікацыі
Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што сёння трэба забяспечыць, каб публікацыі ў інтэрнэце “адпавядалі тым патрабаванням, якія прад’яўляюцца да публікацый ў іншых СМІ”. “Я лічу, што той, хто валодае інтэрнэт-рэсурсамі, мусіць адказваць за інфармацыю, якая мае абразлівы і паклёпніцкі характар, наносіць шкоду адносінам паміж краінамі”, - сказаў ён.
Па словах генпракурора, у цяперашні час існуе праблема прыцягнення да адказнасці ўладальнікаў беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў, размешчаных за мяжой, паведамляе ” Звязда ”. “У перспектыве, я лічу, будуць прынятыя нейкія міжнародныя дамовы на гэты конт”, - заявіў Рыгор Васілевіч.
“Што тычыцца юрыдычнай адказнасці фізічнай асобы за паклёп ці абразу ў інтэрнэце, то яна прадугледжана Крымінальным кодэксам. Але на практыцы такія справы судамі разглядаюцца даволі рэдка”, - канстатаваў ён.
“Цяпер, напрыклад, у Ленінскім судзе Горадні разглядаецца справа ў дачыненні да карэспандэнта польскай газеты Андрэя Пачобута. Журналісту прад’яўленае абвінавачанне ў тым, што яго публікацыі носяць абразлівы, паклёпніцкі характар. У залежнасці ад таго, ці будзе пацверджана віна ці не, і можна будзе судзіць аб тым, як фармуецца наша судовая практыка”, - распавёў генеральны пракурор Беларусі.