У Мінску створаць гарантыйны фонд падтрымкі малога бізнэсу

13.01.2011 16:16
Архив Редакция

У Мінску ў 2011 годзе створаць гарантыйны фонд для падтрымкі суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. Пра гэта распавялі ва ўпраўленні прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Мінгарвыканкама. Для гэтага, як растлумачылі ў мэрыі, ужо праведзены папярэднія перамовы з кіраўнікамі прадстаўніцтваў розных фінансавых структураў.

У прыватнасці, перамовы прайшлі з прадстаўнікамі Міжнароднай фінансавай карпарацыі, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця на прадмет суфінансавання гэтага праекту і аказання тэхнічнай дапамогі.
 
Спецыялісты таксама высвятляюць, ці трэба ўносіць дапаўненні і змены ў дзейнае беларускае заканадаўства, каб забяспечыць устойлівую работу фонду як інструмента падтрымкі прыватнай ініцыятывы, распавялі ў Мінгарвыканкаме.
 
У мэрыі лічаць, што стварэнне ў Мінску гарантыйнага фонду можа выправіць сітуацыю, калі доступ да крэдытных рэсурсаў суб’ектаў малога бізнэсу стрымліваецца адсутнасцю або недахопам у іх залогавага забеспячэння, перадае БелТА.

Акрамя таго, сёлета ў Мінску рэалізуецца комплекс мерапрыемстваў па развіцці і падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, агульны аб’ём фінансавання якіх складзе каля 32,2 млрд. рублёў.

Прадугледжваецца, у прыватнасці, развіццё сістэмы фінансавай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, суб’ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.
 
Улады дадуць бясплатную арэнду памяшканняў пры ўмове стварэння працоўных месцаў

Мінгарвыканкам у 2011 годзе таксама прадоўжыць практыку ўзаемадзеяння з беларускімі банкамі па прадстаўленні за сродкі бюджэту горада льготных крэдытаў суб’ектам малога бізнэсу для рэалізацыі імі інвестыцыйных праектаў па прыярытэтных напрамках, а таксама льготных мікракрэдытаў мікраарганізацыям і ІП.
 
У мэрыі паведамілі, што на гэтыя мэты ў гарадской праграме закладзена 30 млрд. рублёў (у 2010-м — каля 20 млрд. рублёў). «Звыш двух мільярдаў рублёў плануецца накіраваць на аказанне дзяржаўнай фінансавай дапамогі за сродкі бюджэту Мінску цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва, інкубатарам малога прадпрымальніцтва шляхам прадстаўлення субсідый (для набыцця неабходнай маёмасці, рэканструкцыі, рамонту будынка, кампенсацыі выдаткаў на правядзенне мерапрыемстваў, маркетынгавых даследаванняў, семінараў і іншых)», — распавялі ў Мінгарвыканкаме.

«Акрамя таго, мясцовыя ўлады ў гэтым годзе акажуць прадпрымальнікам важкую дапамогу ў развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, меры арганізацыйнага характару», — адзначылі ў мэрыі. У прыватнасці, суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва будуць прадстаўляцца ў бязвыплатнае карыстанне будынкi i нежылыя памяшканні пры ўмове стварэння працоўных месцаў.
 
«На зніжэнне да 30% арэнднай платы змогуць разлічваць прадстаўнікі малога бізнэсу — вытворцы прамысловай прадукцыі», — распавялі ў Мінгарвыканкаме. Пры гэтым у мэрыі адзначылі, што яшчэ адной немалаважнай формай падтрымкі будзе размяшчэнне на малых і сярэдніх арганізацыях дзяржаўнага заказу. Мяркуецца, у прыватнасці, у гэтым годзе рэзерваваць для іх не менш за 10% ад агульнага аб’ёму дзяржзакупак тавараў (працаў, паслуг) і праводзіць асобныя конкурсы па гэтай галіне дзяржзакупак.

У Мінгарвыканкаме таксама паведамілі, што ў 2011 годзе атрымае развіццё і інфраструктура падтрымкі прадпрымальніцтва. «Сёлета ў кожным раёне Мінску створаць інкубатары малога прадпрымальніцтва вытворчай скіраванасці і структурныя падраздзяленні інкубатар малога прадпрымальніцтва ПТКУП «Маладзёжная сацыяльная служба», — сказалі ў мэрыі.

Как вам новость?
Головоломки