У Беларусі спынілі дзейнасць дзвюх сем'яў перагоншчыкаў "шэрых" аўто

22.09.2010 17:01
Архив Редакция

Упраўленне Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці і Мінску ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненні да двух мінчукоў (родных братоў), якія незаконна ўвозілі аўтамабілі з Германіі ў Беларусь. Незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю мужчыны займаліся з 2006 года.

У ходзе праведзенай праверкі праваахоўныя органы высветлілі, што толькі ў 2007 годзе родныя браты перагналі з Германіі ў Беларусь і прадалі тут не менш за дзесяць аўтамабіляў замежнай вытворчасці. Каб схаваць свае супрацьпраўныя дзеянні, злачынцы афармлялі машыны, як увезеныя сваякамі і знаёмымі. У выніку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці мужчыны атрымалі прыбытак на суму звыш 250 млн. рублёў.

Следчымі фінансавай міліцыі ўжо распачата крымінальную справа па частцы 2 артыкулу 233 КК Беларусі (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры), паведамілі ў КДК.

Расследаванне яшчэ адной крымінальнай справы ў дачыненні да трох сваякоў (двух братоў і іх бацькі), звязанага з незаконным увозам аўто ў Беларусь, ужо завершана, і яго матэрыялы перададзеныя ў суд. Як высветлілі праваахоўныя органы, на працягу 2006 — 2008 гадоў мужчыны завезлі ў Беларусь 60 аўтамабіляў на суму больш за мільярд рублёў. «Шэрыя» аўто пасля выплаты мытных плацяжоў мужчыны прадавалі прыватным асобам на аўтамабільных рынках Мінску, праз аб’явы ў сеціве і ў спецыялізаваных друкаваных выданнях.

Акрамя таго, у дачыненні да гэтых грамадзян распачалі яшчэ адну крымінальную справу па артыкуле «махлярства». Мужчын падазраюць у тым, што яны падманным шляхам завалодалі чатырма аўтамабілямі, якія былі ім перададзеныя на адказнае захоўванне. Пасля злачынцы прадалі аўтамабілі, прычыніўшы пацярпелым шкоду на суму 68 млн. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки

Для обеспечения удобства пользователей сайта используются cookies