У Беларусі падводзяць вынікі ЦТ

08.07.2010 13:24
Архив Редакция

У Беларусі падводзяць вынікі цэнтралізаванага тэставання. На фінальнай стадыі праходзіць апрацоўка бланкаў з адказамі рэзервовага ЦТ. Сярэдні бал вагаецца ў межах 30.

«Мы працавалі амаль у кругласутачным рэжыме, каб своечасова апрацаваць вось гэтыя амаль паўмільёны бланкаў адказаў. Атрыманыя адзнакі абітурыентаў дазваляюць прыёмным камісіям ранжыраваць іх такім чынам, каб гэта адпавядала таму ўзроўню падрыхтоўкі і таму аб’ёму ведаў, які патрэбны для будучага студэнта», — заявіў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Міністэрства адукацыі Беларусі Мікалай Фяськоў, перадае СТВ.

Абітурыенты, якія ўдзельнічалі ў ЦТ у рэзервовы дзень, атрымаюць сертыфікаты да заканчэння прыёму дакументаў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Некаторыя абітурыенты ўжо атрымалі сертыфікаты, ўзважылі свае шанцы на паступленне ў ВНУ і ўжо заўтра (дзявятага ліпеня) могуць падаваць дакументы ў некаторыя ВНУ Беларусі.

Нягледзячы на тое, што да прыёму дакументаў у ВНУ краіны час яшчэ ёсць, самыя лепшыя месцы ва ўніверсітэтах ўжо забранявалі абітурыенты, якія атрымалі на ЦТ максімальную колькасць балаў. У 2010 годзе такіх ўсяго 84 чалавекі, у той час як у 2009 годзе 206 абітурыентаў набрала 100 балаў.

Сярэднія балы вагаюцца ў межах 30. Самы высокі сярэдні бал — па іспанскай мове (44,69%), самы нізкі — па фізіцы (18,1%), паведамляе БелТА. Статыстыку сярэдніх балаў сапсавалі тыя, хто  здаваў іспыты «на авось». З нулявым вынікам засталося больш як паўтысячы чалавек.

Как вам новость?
Головоломки