У Беларусі падрыхтавалі праект указа па барацьбе з заробкамі ў канвертах
Беларускія ўлады падрыхтавалі праект указа па прадухіленні выплаты заробкаў у канвертах. Пра гэта паведаміў намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка. “Заробкі ў канвертах - складанае пытанне, гэта канфідэнцыйныя адносіны паміж прадпрымальнікам-наймальнікам і найманым працаўніком”, - заявіў ён.
Намеснік міністра адзначыў, што важна адрэгуляваць сітуацыю з прадухіленнем выплаты заробку ў канвертах, паколькі сёння да аплаты падаходнага падатку прыцягваецца наёмны працаўнік, а наймальнік застаецца ў баку, перадае БелТА.
Васіль Каменка распавёў, што ў праекце ўказа адлюстраваны механізмы, “як будуць дзейнічаць кантралюючыя органы і якім чынам будуць выплочвацца ўтоеныя падаткі”. Для гэтага неабходна ўлічыць усе заўвагі прадпрымальнікаў, адзначыў намеснік міністра па падатках і зборах.