Снапкоў: заробкі ў Беларусі вырастуць з першага лістапада

27.07.2010 12:44
Архив Редакция

Чарговае падвышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду плануецца ў Беларусі з 1 лістапада гэтага года. Пра гэта 27 ліпеня паведаміў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў на паседжанні Савета Міністраў. "З 1 лістапада тарыфную стаўку першага разраду плануецца павысіць да 118-120 тыс. рублёў", — адзначыў кіраўнік мінэканомікі.

Пры гэтым Мікалай Снапкоў нагадаў, што з пачатку лета тарыфная стаўка першага разраду ўстаноўлена ў памеры 90 тыс. рублёў. «Выкананне заданняў па забеспячэнні росту заработнай платы ў рэальным сектары эканомікі з пункту гледжання пакрыцця сітуацыі ў бюджэтнай сферы з’яўляецца вельмі актуальнай задачай», — падкрэсліў міністр эканомікі, перадае БелТА.

«Паказчыкі за першае паўгоддзе гэтага года па павелічэнні заработнай платы ў рэальным сектары ў цэлым па рэспубліцы выкананы на 99,7%. Не рэалізавалі разліковыя паказчыкі па росце заробку за студзень-чэрвень мінпрам, мінсельгасхарч, мінгандлю, мінэнерга, мінбудархітэктуры, а таксама ўсе рэгіёны за выключэннем Мінскай вобласці», — канстатаваў Мікалай Снапкоў.

Па словах кіраўніка мінэканомікі, пры захаванні наяўных тэндэнцыяў тэмп росту ВУП па выніках гэтага года ацэньваецца на сённяшні дзень ніжэй за прагназаваны — на ўзроўні 107,5%. «Пры гэтым не забяспечваецца выкананне такіх найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, як інвестыцыі ў асноўны капітал, экспарт тавараў і паслуг, прадукцыя сельскай гаспадаркі. Таксама пакуль не назіраецца дасягнення ўстаноўленых паказчыкаў рэальных грашовых даходаў насельніцтва», — адзначыў Мікалай Снапкоў.

Міністр таксама дадаў, што для выхаду ў 2010 годзе як мінімум на ніжнюю мяжу прагнознага значэння тэмпу росту ВУП (111%) і забеспячэння зададзеных параметраў эканамічнага росту пяцігодкі ў другім паўгоддзі павінны быць дасягнутыя пэўныя тэмпы росту. Так, па словах Мікалая Снапкова, у прамысловасці яны павінны скласці 111,2%, сельскай гаспадарцы — 115,7%, раздробным таваразвароце — 115%, інвестыцыях у асноўны капітал — 142%. У іншых галінах, якія фармуюць ВУП, — не менш за 110%, пры гэтым тэмп росту экспарту тавараў і паслуг павінен захавацца на ўзроўні першага паўгоддзя — 127%, адзначыў кіраўнік мінэканомікі.

«Да канца года трэба ў поўнай меры задзейнічаць наяўныя ў краіне рэзервы стымулявання ўнутранага попыту, у тым ліку за кошт павышэння заробку. Ягонае паэтапнае падвышэнне неабходна ажыццявіць, як і было запланавана, з 1 верасня гэтага года. У гэтым выпадку ў астатнія месяцы да канца года будзе атрыманы неабходны вынік для фармавання ВУП», — падсумаваў міністр эканомікі.

Как вам новость?