Telegraf.news

Штаб Някляева вырашыў судзіцца з "Савецкай Беларуссю"

Подпишитесь на Телеграф:
Редакция

Кіраўнік выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што збіраецца падаваць у суд на дзяржаўную газету “Савецкая Беларусь”. “Я збіраюся падаць у суд на газету за абразу гонару і годнасці мяне і лідараў кампаніі “Гавары праўду!”, - сказаў кіраўнік штабу.

Пры гэтым Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што не верыць у беларускія суды, і што “наогул можна звяртацца людзям, якія маюць хоць аддалена выдатнае ад афіцыйнай лініі меркаванне, бо суды цалкам кантралююцца ўладай”, паведамляе Ale.by .

“Сёння стала зразумела, чаму мяне адпусцілі на часовую свабоду - каб ачарніць і зрабіць здраднікам ў вачах грамадства, у асяроддзі апазіцыі і нават унутры нашай каманды. Тая хваля салідарнасці людзей, актывістаў, палітыкаў, якая ёсць цяпер відавочна не падабаецца ўладам і цяпер задача зноў усіх пасварыць, падзяліць”, - упэўнены Андрэй Дзмітрыеў.

“Як той казаў, падзяляй і ўладар, - працягнуў кіраўнік штабу Уладзіміра Някляева. - Гэта, як ім здаецца, лёгкі спосаб пасварыць нас, пасеяць недавер, пасеяць чуткі і плёткі - усё гэта, каб мы не маглі дзейнічаць разам. Я ўпэўнены ў камандзе, у калегах, у людзях. Зараз любое такое дзеянне ўлады выклікае толькі адно процідзеянне - яшчэ большую згуртаванасць”.

Палітык лічыць, што “магчыма ўся гэтая чарада «творчых» выпадаў з боку ўлады (і фільм, і артыкул, што пададзены як серыял - «Працяг будзе…») - нейкая артпадрыхтоўка да 31 студзеня, каб пасварыць еўрапейскіх палітыкаў з нашымі, маўляў давяраць ім нельга”. “Але цалкам верагодна, гэтыя падзеі і не звязаны і афіцыйныя СМІ проста дзейнічаюць па загадзя прадуманым плане, аснова якога запалохванне і цкаванне”, - заявіў Андрэй Дзмітрыеў.

Як паведамляў Тэлеграф, у дзяржаўнае выданне “Савецкая Беларусь” па ўказанні прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі былі перададзеныя да публікацыі рассакрэчаныя дакументы беларускіх спецслужбаў аб падзеях 19 снежня. У дадзеных дакументах прыводзіцца інфармацыя аб замежным фінансаванні беларускай апазіцыі, у прыватнасці, былых кандыдатаў у прэзідэнты.

Темы:
Как вам новость?