Сідорскі: НПЗ Беларусі першы квартал адпрацавалі з прыбыткам

17.04.2010 09:48
Архив Редакция

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ў першым квартале 2010 года працавалі рэнтабельна. Пра гэта даклаў 16 красавіка прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі.  "Прадукт, які быў выпрацаваны на нашых прадпрыемствах (дызельнае паліва, бензін), у максімальным аб'ёме забяспечыў народную гаспадарку краіны і першым чынам пасяўную кампанію", — падкрэсліў кіраўнік урада.

«Мы сёння забяспечылі перапрацоўку таго аб’ёму нафты, які меркавалі завесці ў першым квартале бягучага года. Мы перапрацавалі 3,6 млн. тон нафты. Гэта значна ніжэй за ўзровень мінулага года, але ў цэлым НПЗ з улікам высокай тэхналагічнасці і высокай глыбіні перапрацоўкі змаглі забяспечыць станоўчую рэнтабельнасць», — адзначыў Сяргей Сідорскі.

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу на тое, што да цяперашняга часу застаецца шэраг нявырашаных пытанняў з Расійскай Федэрацыяй. «Ужыванне вывазных мытных пошлін на прадукты перапрацоўкі нафты, якія выкарыстоўваюцца ў якасці хімічнай сыравіны, сур’ёзна абцяжарыла, а па асобных пазіцыях — прывяло да поўнага спынення паставак такіх нафтапрадуктаў на нафтахімічныя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь», — растлумачыў беларускі прэм’ер, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Закранаючы пытанне дыверсіфікацыі паставак нафты ў Беларусь, Сяргей Сідорскі адзначыў, што 80 тыс. тон беларускай нафты ўжо знаходзяцца ў дарозе. «Гэтая нафта будзе дастаўленая на беларускія заводы да траўня бягучага года. Неабходныя маршруты прапрацаваныя. Гэтая нафта будзе перапрацаваная і экспартаваная», — дадаў кіраўнік урада.

Сідорскі: урад абраў пакрокавую стратэгію ў эканоміцы

Па словах Сяргея Сідорскага, урад абраў пакрокавую стратэгію кожны месяц дадаваць у эканоміцы краіны. «У цэлым вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь за студзень-сакавік 2010 года сведчаць пра аднаўленне тэмпаў эканамічнага росту, якія былі істотна замедленыя ўплывам сусветнага фінансавага крызісу», — падкрэсліў прэм’ер.

Прэм’ер-міністр паведаміў, што тэмп росту за студзень-сакавік 2010 года склаў 104%, што на 0,5% вышэй за вынікі за студзень-люты 2010 года. Тэмп росту вытворчасці прадукцыі прамысловасці склаў 105,9% супраць 104,2% у студзені-лютым 2010 года, валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі — 105,3%.

Сяргей Сідорскі таксама звярнуў увагу Аляксандра Лукашэнкі на тое, што ў першым квартале атрымалася зменшыць складскія запасы з 75% да 71%. «Пачынаюць актыўна працаваць буйныя прадпрыемствы: МАЗ, МТЗ, БМЗ, прадпрыемствы хімічнага комплексу. Упершыню за апошнія два месяцы на МАЗе было прададзена прадукцыі больш, чым выраблена. Гэта кажа пра тое, што і прамысловасць пачынае дадаваць не толькі разавымі пастаўкамі, але і актыўнымі пэўнымі дзеяннямі на вонкавых рынках. Пашыраюцца і рынкі збыту беларускіх тавараў», — сказаў прэм’ер.

Прэм’ер-міністр Беларусі адзначыў, што ў першым квартале 2010 года ўведзена ў эксплуатацыю каля 1,5 млн. квадратных метраў жылля, а ўсталяванае заданне выкананае ўсімі рэгіёнамі, за выключэннем Мінска.

«Аб’ём вонкавага гандлю таварамі і паслугамі за студзень-люты 2010 года склаў 117,4%. Пры гэтым беларускі экспарт у складаных умовах звужвання сусветных рынкаў павялічыўся на 31,2%», — паведаміў Сяргей Сідорскі.

Сідорскі: інфляцыя ў Беларусі склала 2,5%

Прэм’ер-міністр Беларусі заявіў таксама, што інфляцыя ў Беларусі ў першым квартале 2010 года склалася на ўзроўні 2,5%, што ніжэй, чым у краінах-суседзях. «Раздробны таваразварот у студзене-сакавіку 2010 года склаў 14,1 трлн. рублёў, што на 13,3% вышэй за ўзровень адпаведнага перыяду 2009 года», — адзначыў Сяргей Сідорскі.

Кіраўнік урада лічыць, што ў эканоміцы краіны існуюць добрыя перадумовы для выканання задачы для павелічэння сярэднямесячнай заработнай платы да ўзроўню ў 500 даляраў.

Как вам новость?
Головоломки