Сідорскі: інфляцыя па выніках гэтага года не перавысіць 10%

27.07.2010 14:59
Архив Редакция

Інфляцыя ў Беларусі па выніках 2010 года не перавысіць 10%. Пра гэта 27 ліпеня на пасяджэнні Савета міністраў заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. Прэм'ер таксама запатрабаваў ад органаў дзяржаўнага кіравання працягнуць у другім паўгоддзі адпаведную працу па зніжэнні інфляцыі.

У першым паўгоддзі 2010 года, па словах кіраўніка беларускага ўрада, узровень інфляцыі склаў 4,1%. Гэта ў 1,8 раза ніжэй, чым за аналагічны перыяд 2009 года, перадае БелТА.

У цэлым за першыя шэсць месяцаў гэтага года па большасці асноўных параметраў Беларусі, па словах прэм’ер-міністра, удалося выйсці на запланаваныя ўзроўні. Так, тэмп росту ВУП склаў за першае паўгоддзе 106,6% (пры разліковых паказчыках 106%), прадукцыі прамысловасці — 108,8% (106,2%), будаўніча-мантажных прац — 111%, раздробнага таваразвароту — 115%. «Мы дасягнулі штомесячнай дынамікі росту. Мы кожны месяц дадаем як у росце ВУП, так і ў росце эканомікі ў цэлым», — адзначыў Сяргей Сідорскі.

Сідорскі: у наступным годзе Беларусь плануе прыцягнуць да шасці мільярдаў даляраў прамых інвестыцыяў

Таксама прэм’ер-міністр заявіў, што Беларусь у 2011 годзе плануе прыцягнуць да шасці мільярдаў даляраў прамых інвестыцыяў. Сяргей Сідорскі паставіў задачу перад рэгіёнамі палепшыць працу ў гэтым кірунку, бо на сённяшні дзень у гэтай частцы інвестыцыйнай палітыкі Беларусі склалася даволі цяжкое становішча.
 
Беларускі прэм’ер распавёў, што ў студзені-чэрвені 2010 года дзяржава недаатрымала 2,2 трлн. рублёў інвестыцыяў. У сувязі з гэтым недастаючы аб’ём неабходна будзе запоўніць ў другім паўгоддзі, каб да канца 2010 года выйсці на запланаваны паказчык па росце інвестыцыяў (125%), сказаў Сяргей Сідорскі.

Асаблівую ўвагу прэм’ер-міністр звярнуў на недахопы ў працы па ўводзе аб’ектаў у эксплуатацыю. Нягледзячы на тое, што інвестыцыйная і інавацыйная праграмы — гэта два розныя дакументы, яны аб’ядноўваюць у сабе найважнейшыя элементы — прыцягненне прамых інвестыцыяў і тэхнічную паскораную мадэрнізацыю беларускай эканомікі. «Я прашу да гэтых пытаннях ставіцца самым сур’ёзным чынам», — сказаў прэм’ер-міністр.

На ліпень-снежань 2010 года ў Беларусі прызначаныя больш высокія тэмпы развіцця, чым на папярэдняе паўгоддзе, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, адзначыў Сяргей Сідорскі. Па словах прэм’ера, у гэтай сферы ёсць усе магчымасці дабраць да плана 6-7%, якіх не стае.

Как вам новость?