Састаў з нафтай для Беларусі адправіцца з Эстоніі 25-27 ліпеня

22.07.2010 17:15
Архив Редакция

Адпраўленне першага чыгуначнага саставу з венесуэльскай нафтай з Эстоніі ў Беларусь чакаецца 25-27 ліпеня. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі. "Па інфармацыі ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" і эстонскага порта Мууга, прыбыццё ў эстонскі порт пятага танкера з венесуэльскай нафтай для Беларусі чакаецца 23 ліпеня ў 13:00", — распавялі ў БЧ.

«Адразу пасля прыбыцця танкера пачнецца зліў нафты ў стацыянарныя партовыя ёмістасці прыватнага эстонскага тэрміналу, пасля чаго будзе зроблены наліў нафты ў цыстэрны інвентарнага парку Беларускай чыгункі і Латвійскай дарогі», — адзначылі ў БЧ.

Плануецца, што першая партыя нафты будзе складацца з 65 вагонаў. У цэлым, пры перавозцы нафты з Эстоніі ў Беларусь будзе задзейнічана 23-25 чыгуначных саставаў.
 
Беларуская чыгунка прыме ўсе неабходныя меры для таго, каб венесуэльская нафта, пятая партыя якой у аб’ёме 80 тыс. тон павінна быць дастаўлена ў Беларусь праз эстонскі порт Мууга танкерам «NS CHAMPION», была перавезена ў Наваполацк для перапрацоўкі на ААТ «Нафтан» у найкарацейшыя тэрміны, расказалі ў БЧ.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, у адэскім порце ідзе падрыхтоўка да адпраўкі на Мазырскі НПЗ чацвертай партыі венесуэльскай нафты, дастаўленай 17 ліпеня на танкеры Minerva Zoe. Выгрузка нафты ў берагавыя ёмістасці, якая доўжылася крыху больш за двое сутак, ужо завершана. Цяпер ідзе зліў сыравіны ў чыгуначныя цыстэрны для адпраўкі яе ў Беларусь.

Прыбыццё чарговай партыі венесуэльскай нафты ў аб’ёме каля 80 тыс. тон чакаюць у Адэсе 29-30 ліпеня. Першы танкер з нафтай гатунку «Санта-Барбара» прыбыў з Венесуэлы ў Адэсу 25 красавіка, другі — 19 чэрвеня, трэці — 29 чэрвеня. Далей нафта па чыгунцы ў цыстэрнах транспартуецца на Мазырскі НПЗ для далейшай перапрацоўкі.

Акрамя таго, Беларусь чакае ў ліпені гэтага года прыбыцця венесуэльскай нафты праз Эстонію і Літву. Плануецца, што адзін танкер з 80 тыс. тон нафты для Беларусі прыбудзе ў эстонскі порт Мууга, а другі — у Клайпедскі порт Літвы, адкуль нафта адправіцца на беларускія НПЗ у Наваполацку.

Как вам новость?