Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі 22 лістапада першым з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі звярнуўся да выбарцаў у эфіры Першага канала беларускага тэлебачання. У ходзе выступлення ён разарваў прынесеныя з сабой партрэты Іосіфа Сталіна і Адольфа Гітлера, заявіўшы, што з дыктатурай у краіне павінна быць скончана.
«Прыйшоў час спыніць страх. Прыйшоў час беларускай улады баяцца свайго народа», — заявіў ён.
Выступ кандыдата пачаўся ў 19:00 па мінскім часе. Віталь Рымашэўскі, апрануты ў элегантны касцюм з цёмна-сінім гальштукам, чамусьці размясціўся ў куце экрана. Казаў ён у асноўным па-беларуску, толькі зрэдку пераходзячы на расійскую мову. Выступ кандыдата быў даволі імпульсіўным і суправаджаўся розным ілюстрацыйным матэрыялам. Так, Віталь Рымашэўскі ўказаў тэлефоны і адрас інтэрнэт-старонкі БХД, дзе можна даведацца пра партыю, кандыдата, задаць пытанне ці атрымаць параду.
Таксама кіраўнік БХД прадставіў знак сваёй арганізацыі — знак Віфлеемскай зоркі. «Калі вы ўбачыце гэты знак, ведайце, гэта «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», — адзначыў ён.
Прывёў ён і прыклады дзейнасці хрысціянскіх дэмакратаў. Так, паводле яго слоў, тры члены партыі з’яўляюцца дэпутатамі мясцовых саветаў, акрамя таго, разам з цэрквамі БХД дамаглася забароны магіі і акультызму ў Беларусі.
Рымашэўскі заклікаў людзей не ўдзельнічаць у датэрміновым галасаванні
«Сёння ў Беларусі адзін чалавек нічога не можа. Наша ўлада паважае толькі адну пазіцыю — гэта пазіцыя сілы. Мы з вамі будзем моцнымі толькі тады, калі аб’яднаныя разам, калі абараняем адно аднаго», — заявіў ён.
«Выбіралі прэзідэнта — выбралі цара, які не хоча пакідаць гэтую ўладу, які клапоціцца толькі аб сваіх сынах і тым, як набіць кішэні сваім чыноўнікам», — падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго слоў, важна не проста прагаласаваць, «сёння галоўнае — не даць уладам сфальсіфікаваць выбары». Для гэтага трэба галасаваць толькі ў дзень выбараў, а таксама станавіцца незалежнымі назіральнікамі, лічыць кандыдат. Акрамя таго, сустаршыня БХД запрасіў людзей на Кастрычніцкую плошчу 24 лістапада на сустрэчу з кандыдатамі ў прэзідэнты і ў дзень выбараў 19 снежня.
БХД будзе настойваць на незалежным расследаванні гібелі Нікітчанкі
Як распавёў Віталь Рымашэўскі, за час прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі колькасць насельніцтва скарацілася на 850 тыс. чалавек. «Нам кажуць, гэта дэмакратычны крызіс, у Еўропе тое ж самае. Гэта хлусня. 62% гэтых людзей не дажылі да пенсіі», — заявіў ён.
Паводле яго слоў, карупцыя ў Беларусі дасягнула 100%, прычым, чым меншы горад, тым большая карупцыя. У краіне растуць цэны, інфляцыя, ахова здароўя ўжо даўно фактычна стала платнай, па колькасці самагубстваў Беларусь выйшла ў сусветныя лідары. «Цяперашняя ўлада ставіцца да народа як да быдла. Таму што, цяперашняя ўлада ад нас з намі не залежыць. Выбары фальсіфікуюцца, чыноўнікі прызначаюцца», — адзначыў палітык.
Успомніў ён і аб акадэміку Іване Нікітчанку, які ўваходзіў у ягоны перадвыбарчы штаб і разбіўся ў аўтакатастрофе 19 лістапада. Паводле яго слоў, вучоны даказаў, што на працягу 16 гадоў беларусаў труцілі радыяцыяй, прадаючы сельгаспрадукцыю з заражаных раёнаў па ўсёй тэрыторыі краіны.
Як адзначыў палітык, БХД будзе настойваць на незалежным расследаванні гібелі Івана Нікітчанкі, забойстваў і знікненняў беларускіх палітыкаў і журналістаў у канцы 1990-х гадоў, справы прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча.
Рымашэўскі: казіно трэба вынесці з гарадоў
Па словах палітыка, каб змяніць жыццё да лепшага, мала проста змяніць прэзідэнта. У аснове палітыкі, эканомікі, сацыяльнага жыцця павінны ляжаць хрысціянскія каштоўнасці. «Так беларусы жылі тысячу гадоў, і так мы павінны жыць сёння», — заявіў ён.
Як распавёў кандыдат, палітыка БХД будзе беларускай і хрысціянскай, гэта значыць арыентавана не на Усход ці Захад, а на патрэбы Беларусі. Абсалютным прыярытэтам для дзяржавы будуць патрэбы чалавека, сям’і. Ніхто не будзе мець права ўмешвацца ў асабістае жыццё чалавека, адзначыў кіраўнік хрысціянскіх дэмакратаў.
На яго думку, у Беларусі неабходна замяніць усю існую сістэму. Першае, што варта зрабіць — прызначыць кіраваць прадпрыемствамі «прафесіяналаў, хрысціян, проста сумленных людзей». У медыцыне БХД выступае за пералік грошай непасрэдна лекарам, а не міністэрству аховы здароўя, «дзе ў цяперашні момант грошы проста раскрадуцца».
Пенсіі, па яго словах, трэба павысіць да еўрапейскага ўзроўню, перадаўшы 20% акцый вядучых беларускіх прадпрыемстваў (НПЗ, «Беларуськалія») у беларускі пенсійны фонд, дапамога ж па дагляду за дзіцём павінна быць не меншая за сярэднемесяцовы заробак. За дзіця ж да дзесяці гадоў павінны выплочваць палову сярэднемесяцовага заробку, адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Ён таксама прапаноўвае вярнуць магчымасць бясплатнай адукацыі для кожнага беларуса і ільготы на праезд студэнтам, адмяніць «сучаснае прыгоннае права» — прымусовае размеркаванне. Кандыдат выступае таксама супраць кантрактнай сістэмы для настаўнікаў і выкладчыкаў, за ўзняцце іх зарплаты да ўзроўню сярэдняй зарплаты службоўцаў дзяржустаноў.
Таксама ён прапануе ўвесці іпатэку на жыллё і знізіць кошты на кватэры, на якіх, па яго словах, нажываюцца былы мэр Масквы Юры Лужкоў і іншыя алігархі. Акрамя таго, палітык выступіў за вынас з гарадоў казіно.
Рымашэўскі прапануе стварыць 17 новых абласцей
Кандыдат ад БХД выступіў за павелічэнне ролі самакіравання, мэры, па яго словах, будуць не прызначацца, а выбірацца. Таксама ён прапануе правесці рэгіянальную рэформу, па якой Беларусь будзе падзеленая на 23, а не на шэсць абласцей. Да ўжо існуых абласных цэнтраў павінны дадацца «Кобрын, Пінск, Жыткавічы, Мазыр, Рэчыца, Крычаў, Орша, Полацк, Глыбокае, Барысаў, Маладзечна, Ліда, Смаргонь, Баранавічы, Слуцк, Ваўкавыск і, безумоўна, мой родны горад, дзе я нарадзіўся, — Бабруйск», паведаміў ён.
Віталь Рымашэўскі абяцае сярод іншага максімальна спрыяльныя ўмовы для бізнэсу, даць максімальныя сацыяльныя гарантыі, паменшыць паўнамоцтвы падатковай інспекцыі. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць пачаць сваю справу за адзін дзень.
Таксама палітык выступіў за адмену пошлін на аўтамабілі, што ўвозяцца з Еўропы, памяншэнне ў тры разы ліку чыноўнікаў. Крэдыты ж, на яго думку, не павінны быць вышэйшымі за 3%.
Міліцыю лідар БХД паабяцаў пазбавіць ад умяшання ў іх працу. Таксама ён выступіў за стварэнне мабільнай прафесійнай арміі са зборамі на працягу трох-шасці месяцаў для прызыўнікоў. У той жа час ён выступае за нейтралітэт Беларусі ў знешняй палітыцы.
Рымашэўскі: беларуская мова прымусова укараняцца не будзе
Кандыдат ад БХД паабяцаў поўную свабоду веравызнання для жыхароў Беларусі. Ён выступіў за вяртанне ўсіх святынь вернікам, а таксама за перадачу ім пустых будынкаў для хоспісаў, сталовых і нядзельных школ.
Закранаючы пытанне мовы і культуры, Віталь Рымашэўскі заявіў, што будзе актыўна спрыяць адраджэнню беларускай мовы. У той жа час, паводле яго слоў, прымусовай беларусізацыі не будзе. Кожны зможа атрымаць адукацыю на той мове, на якой ён захоча, адзначыў лідар хрысціянскіх дэмакратаў.