Раманчук не з'яўляецца на офісе сваёй партыі

12.01.2011 12:22
Архив Редакция

Станіслаў Багданкевіч, які цяпер выконвае абавязкі старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, паведаміў, што партыя працягвае працу, хаця праблемаў дадалося. Па словах палітыка, у партыі ўсё чакаюць вызвалення з СІЗА КДБ яе лідара Анатоля Лябедзькі. Гаворачы аб намесніку старшыні партыі Яраславе Раманчуку, Станіслаў Багданкевіч сказаў, што ён на офісе партыі не з'яўляецца.

«Наколькі вядома, не прыходзіць. Але Яраслаў Раманчук застаецца намеснікам старшыні партыі, яго ж ніхто не выключаў. Для таго, каб нешта вырашаць, трэба збірацца і прымаць рашэнне калегіяльна. Дэталёва разбірацца ў сітуацыі, а не секчы з пляча. Акрамя таго, трэба дачакацца вызвалення Анатоля Лябедзькі. Гэтага таксама ўсе мы чакаем…», — цытуе палітыка Euramost.org.

Па словах Станіслава Багданкевіча, пад падпіску аб нявыездзе на днях былі адпушчаныя са следчага ізалятара КДБ старшыня Мінскай гарадской арганізацыі АГП Анатоль Паўлаў і яго намеснік Алег Корбан.
 
Гаворачы аб працы партыі, палітык адзначыў, што АГП ўжо звярнулася да членаў партыі і проста неабыякавых грамадзянаў Беларусі аказаць фінансавую дапамогу АГП. «У няпростай сітуацыі, калі лідар партыі Анатоль Лябедзька знаходзіцца ў СІЗА КДБ, а з офіса партыі канфіскаваныя ўсе камп’ютары і яго дзейнасць практычна паралізаваная, партыя мае патрэбу ў фінансавай падтрымцы. Мы вельмі спадзяемся на салідарнасць і падтрымку ўсіх людзей, хто лічыць, што ў нашай краіне павінны быць палітычныя сілы, якія абараняюць дэмакратыю, правы чалавека і еўрапейскі выбар».

Пры гэтым палітык сказаў, што ён бы асабліва не драматызаваў сітуацыю. «Партыя працуе, праходзяць і пасяджэння Палітрады, і Нацыянальнага камітэту, інфармуецца партыйная «вертыкаль». АГП выступіла з ініцыятывай стварэння агульнанацыянальнага саюза дэмакратычных сіл. Мы сабраліся і стварылі агульнае бачанне сітуацыі. Партыя накіроўвае звароты да розных урадаў і парламентаў, выступаем за мяжой з тлумачэннем таго, што адбываецца ў Беларусі», — канстатаваў Станіслаў Багданкевіч.

«Я хачу падкрэсліць, што мы працуем у цесным кантакце з усімі іншымі апазіцыйнымі арганізацыямі. І ўжо з’явілася агульная дэкларацыя — на гэтым этапе адбылася поўная кансалідацыя. Праўда, хацелася б, каб яна была яшчэ большай. Каб быў не каардынацыйная рада дэмсілаў, а саюз», — сказаў палітык.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, пасля падзеяў у Мінску 19 снежня былы кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні партыі АГП Яраслаў Раманчук зрабіў заяву ў эфіры Першага канала беларускага тэлебачання, у якой абвінаваціў у беспарадках на плошчы іншых экс-кандыдатаў: Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага.

«На жаль, падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы М. Статкевіч, А. Саннікаў і В. Рымашэўскі заклікалі і павялі людзей на плошчу Незалежнасці. Там імі былі справакаваныя беспарадкі і ажыццёўлена спроба захопу будынка Дома ўрада. Пад пагрозай апынуліся жыцці тысяч чалавек», — заявіў тады намеснік старшыні АГП.

Ледзь пазней Яраслаў Раманчук паведаміў, што зрабіў сваю заяву на тэлебачанні, у якой асудзіў дзеянні апазіцыйных лідараў, каб «выратаваць партыю». «Я кажу аб тым, што Някляеў, Саннікаў, Статкевіч павінны адказаць за свае дзеянні. Акцыя павінна была быць праведзена ў адпаведнасці з ранейшымі дамоўленасцямі. Мы павінны былі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і там мірна чакаць вынікаў выбараў. Аднак без кансультацый з маім штабам, са мной, было вырашана ісці да Дому ўрада», — сказаў палітык.

Как вам новость?
Головоломки