Пракурор просіць асудзіць Бандарэнку за "Плошчу" на тры гады
У аўторак, 26 красавіка, пачалося слуханне крымінальнай справы яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Змітра Бандарэнкі. Пракурор просіць суд прызначыць абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Зміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (“Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія выклікалі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях”).
Па словах дзяржабвінаваўцы, Зміцер Бандарэнка прымаў непасрэдны ўдзел у зборы ўдзельнікаў мітынгу 19 снежня, распаўсюджваў “надуманую інфармацыю” аб недэмакратычнасці выбараў, сам удзельнічаў у акцыі і не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Пракурор лічыць, што дзеянні падсуднага сталі прычынай парушэння нармальнага рэжыму працы грамадскага транспарту і некаторых фірмаў і прадпрыемстваў (рэстарана “Макдональдс”, абменнага пункту “Абсалют-Банка”), перадае БелаПАН.
У ходзе пасяджэння 26 красавіка суд дапытаў 13 сведак, у тым ліку восем супрацоўнікаў міліцыі і пяць вадзіцеляў грамадскага транспарту. Яны распавялі, якія менавіта цяжкасці ўзніклі ў працы грамадскага транспарту (аўтобусных маршрутаў № 100 і № 1) з-за несанкцыянаванага шэсця ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасці 19 снежня.
Пракурор лічыць, што віна падсуднага падчас судовага пасяджэння была цалкам даказаная. З гэтым не згодны адвакат Мар’яна Сямешка. На яе думку, дзеянні абвінавачанага не падпадаюць пад інкрымінаваны артыкул, бо ў судзе не было прадстаўлена доказаў таго, што Зміцер Бандарэнка ўдзельнічаў у арганізацыі дзеянняў пэўнай групы асоб, якія парушалі грамадскі парадак.
Не згодны з абвінавачаннем і сам Зміцер Бандарэнка. “Я быў даверанай асобай прафесійнага дыпламата (Андрэя Саннікава - Тэлеграф). Сярод яго давераных асобаў былі афіцэры. Калі б хацелі арганізаваць масавыя беспарадкі, то яны былі б арганізаваны, але паколькі кандыдатам у прэзідэнты быў дыпламат, інтэлігентны чалавек, - аб беспарадках гаварыць проста не выпадае”, - заявіў Зміцер Бандарэнка ў сваім заключным слове.
Плануецца, што прысуд суда будзе вынесены 27 красавіка ў 10:30.