Лідар Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі-БНФ Зянон Пазняк перакананы, што ва ўмовах, якія склаліся ў Беларусі, "байкот фальшывых выбараў — гэта неабходнасць". "У тупіковай сітуацыі, у якой апынулася наша грамадства, байкот дасць магчымасць здабыць бясспрэчныя аргументы для доказу фальсіфікацый і непрызнання выбараў", — заявіў 14 лістапада Зянон Пазняк.
У сваім звароце да ўдзельнікаў лістападаўскага Сойму Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і арганізацыі БНФ «Адраджэньне», Зянон Пазняк зазначыў, што цяпер ёсць два варыянты дзеянняў. Па словах палітыка, можна альбо «як заўсёды, ісці на фальшывыя выбары па сцэнары рэжыму, дзе ні кандыдаты, ні электарат не маюць ніякага ўплыву на галасаванне», альбо адмовіцца ад удзелу «ў фальшывым галасаванні».
Паводле яго словаў, палітыка Еўропы ў дачыненні да Беларусі апошнім часам змянілася. «У Еўропе рыхтуюцца прызнаць фальшывыя выбары ў Беларусі і нават ўспрыняць дыктатуру, калі яна пагодзіцца лаяльна ўзаемадзейнічаць з Еўропай, робячы фармальныя саступкі. Для рэжыму гэта будзе азначаць індульгенцыю на далейшае знішчэнне беларускай культуры, мовы, школы і ўсяго беларускага», — лічыць Зянон Пазняк.
Па словах палітыка, байкот сам па сабе не «разбурыць рэжым», але «можа праваліць фальшывыя выбары і падрыхтаваць такім чынам наступную ліквідацыю рэжыму, змяніць настроі ў грамадстве, даць яму стымул для кансалідацыі ў альтэрнатыву да рэжымнай улады», перадае Беларуская Салідарнасць.
Зянон Пазняк лічыць, што ўдзел у фальшывых выбарах мог бы мець тактычнае апраўданне ў тым выпадку, калі б быў безумоўны і прызнаны альтэрнатыўны кандыдат, які б змог узначаліць сілы пратэстантаў.
«Пры такім раскладзе існуе шмат варыянтаў і магчымасцяў перамогі, таму што ёсць адзіны цэнтр кіраўніцтва, дзеянняў і барацьбы. Тады магчымыя і «плошча» і «шэсце», і «страйк», і «ціск» і нават «рэвалюцыя» пры ўмове гатоўнасці грамадства», — адзначыў лідар КХП-БНФ.
Пазняк: псеўдаапазіцыя выгадна адцяняе Лукашэнку ў ролі гаспадара Беларусі
Разам з тым «тое, што пры дапамозе рэжыму, знешніх сіл і псеўдаапазіцыі зроблена цяпер, выключае, практычна, усе варыянты масавых падзей», лічыць Зянон Пазняк. Паводле яго слоў, «антыбеларускі рэжым вельмі лёгка стварыў сабе калектыўнага спарынг-партнёра», які цяпер «сваімі прамаскоўскімі і непісьменнымі заявамі аб эканоміцы і энергетыцы выгадна адцяняе Лукашэнку ў ролі гаспадара і абаронцы інтарэсаў Беларусі».
«Некаторыя ў Еўрасаюзе паглядзелі на гэта і вырашылі падтрымаць Лукашэнку, бо перспектыва мець пашыраную Расію ў сваіх межаў іх не прываблівае. Два прарасійскія кандыдаты ў гэты час стварылі свой блок. Усе астатнія ўвайсці ў блок адмовіліся. Знаёмая схема «Мілінкевіч-Казулін». Калі гэтая прамаскоўская схема будзе мець працяг, то выснова адназначная — ніякай «плошчы» 19 снежня быць не можа. Ад іх нават у Еўропе дыстанцыяваліся», — заявіў Зянон Пазняк.
Па словах палітыка, існуе тэарэтычная магчымасць «моцнага ўдару па незаконных выбарах і па ўзурпатару, уладу якога рэжым не змог бы перажыць». «Для гэтага пасля рэгістрацыі неабходна калектыўная заява ўсіх дзевяці «спарынг-партнёраў» у ЦВК з патрабаваннем выканаць закон і выключыць са спісу кандыдатаў у прэзідэнты грамадзяніна Лукашэнку, які не мае законнага права балатавацца чацверты раз. Пры невыкананні гэтага патрабавання усе дзевяць кандыдатаў павінны адмовіцца ад ўдзелу ў выбарах», — растлумачыў Зянон Пазняк.
Аднак палітык перакананы, што на практыцы гэта немагчыма. «Палова з кандыдатаў абсалютна несамастойная, нават крыніцы іх несамастойнасці невядомыя», — заявіў лідар КХП-БНФ.
У той жа час Зянон Пазняк паведаміў, што, нягледзячы на неспрыяльныя для масавых мерапрыемстваў ўмовы, партыя не будзе адмаўляцца ад магчымасці арганізаваць «плошчу». «Шмат будзе залежаць ад колькасці людзей, якія не пойдуць галасаваць. Адно з патрабаванняў (па якім будзе прапанаваны механізм): «Новыя выбары без Лукашэнкі!»», — падсумаваў Зянон Пазняк.