Ні адзін лідар не выказваў большай колькасці нянавісці, абразаў і пагарды на адрас Расіі, чым гэта зрабіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, лічыць расійскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў. «За 50 млрд. даляраў датацый рэжыму Лукашэнкі Расія атрымала пад бокам галоўнага русафоба свету», — заяўляе ён.
«Каля 600 палітвязняў, з іх дзевяць расійцаў і шэсць кандыдатаў у прэзідэнты, пакутуюць ў лукашэнкаўскіх засценках. Рэпрэсіі, аблавы, пераслед журналістаў, іншадумцаў, закрыццё апазіцыйных партый — такія пераднавагоднія рэаліі ў суседняй Беларусі», — піша Барыс Нямцоў у сваім блогу на сайце радыёстанцыі «Эхо-Москвы».
Палітык, які прадстаўляе рух «Салідарнасць», выказвае сваю незадаволенасць тым, як у дадзенай сітуацыі павялі сябе расійскія ўлады.
«Дзмітры Мядзведзеў паслаў віншавальную тэлеграму, амбасадар Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў спачатку заявіў, што правільна, што расійцаў пасадзілі, выступаючы не як пасол вялікай краіны, а як лукашэнкаўская шасцёрка. І толькі пасля вокрыку Карасіна (намесніка міністра замежных спраў Расіі Рыгора Карасіна — Тэлеграф) і Прыходзька (памочніка прэзідэнта РФ Сяргея Прыходзька — Тэлеграф) стаў рабіць выгляд, што абараняе грамадзян Расіі, якія трапілі ў бяду», — адзначае Барыс Нямцоў.
На яго думку, Аляксандр Лукашэнка, не збіраецца ісці насустрач кіраўніцтву РФ. «Мядзведзеў апынуўся ў выдатнай кампаніі віншавальнікаў. Крыху раней Лукашэнку павіншавалі Саакашвілі, дыктатары сярэднеазіяцкіх рэспублік і далучыўся да іх Уга Чавес», — заўважае прадстаўнік «Саліарнасці».
Далей Барыс Нямцоў разважае, чаму назіральнікі ад Расіі заявілі, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі сумленна.
«Няўжо Пуціну, Мядзведзеву, расійскім спецслужбам не было вядома, што выбары татальна сфальсіфікаваныя, а Лукашэнка набраў каля 40% галасоў? На што яны спадзяюцца, прызнаючы дыктатара легітымным? На тое, што ён прызнае Асетыю і Абхазію? Ды ніколі ён не прызнае — Саакашвілі ягоны лепшы сябар. На тое, што будзе створана Саюзная дзяржава? Ды ніколі яна не будзе створана — дыктатары не аб’ядноўваюцца, яны могуць толькі ненавідзець адзін аднаго. На тое, што ключавую ўласнасць Лукашэнка аддасць пуцінскім чэкістам і алігархам?» — пытаецца палітык.
І тут жа адказвае: «Аляксандр Лукашэнка не збіраецца губляць ўладу, а таму не перастане кантраляваць галоўныя прадпрыемствы Беларусі, на якіх гэтая ўлада трымаецца».
Нямцоў: серыялы пра бацьку заказваў Крэмль
Таксама, па словах расійскага апазіцыянера, не выпадае чакаць, што Аляксандар Лукашэнка «запалае любоўю да Расіі». «Ніколі гэтага не здарыцца. Ён заўсёды ставіўся да Расіі як да дойнай каровы і акрамя як «нафту без пошлін», «газ па расійскіх цэнах» і «адкрыты расійскі рынак» дыктатара ў Расіі нічога не цікавіла», — аргументуе палітык сваю пазіцыю.
«Здавалася б, Пуцін, які люта ненавідзіць Лукашэнку, усё гэта даўно ўжо зразумеў. Відавочны доказ — серыялы пра бацьку, знятыя па замове Крамля. Лукашэнка там і забойца, і псіхічна хворы, і злодзей, і подлы-русафоб. Дык вы гэтага грамадзяніна віншавалі, спадар Мядзведзеў?» — звяртаецца Барыс Нямцоў да прэзідэнта Расіі.
На яго погляд, сапраўднай прычынай віншаванняў Аляксандра Лукашэнкі расійскімі ўладамі з’яўляюцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары ў РФ.
«Яны прымяраюць падзеі 19-20 снежня ў Мінску на Маскву канца 2011 года, калі павінны адбыцца парламенцкія выбары, і Маскву сакавіка 2012 года, калі пройдуць выбары прэзідэнцкія. Паколькі сумленна ў пуцінскага рэжыму выйграць ужо не атрымліваецца, рэпрэсіі і фальсіфікацыі, цэнзура і маніпуляцыі — вось той сцэнар, да якога яны рыхтуюцца. І падтрымка Лукашэнкі ім не перашкодзіць, а інакш будзе як з прызнаннем Асетыі і Абхазіі?», — піша палітык.
У заключэнне Барыс Нямцоў заяўляе, што арыштаваныя беларускія апазіцыянеры з’яўляюцца палітвязнямі і закладнікамі Аляксандра Лукашэнкі.
«Ён будзе імі гандляваць у абмен на эканамічныя прэферэнцыі Расіі і паляпшэнне стасункаў з Захадам. Так ужо было з былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Казуліным: спачатку ўляплю максімальныя тэрміны (10-15 гадоў), а потым міласціва за крэдыты МВФ і Сусветнага банка, грошы Еўрасаюзу, а таксама грошы расійскага бюджэту, танную нафту і газ, пачне паволі выпускаць», — мяркуе прадстаўнік «Салідарнасці».
«У Расіі 19 снежня быў рэдкі шанец даказаць, што мы вялікая краіна. Для гэтага трэба было сказаць праўду: выбары — фальсіфікаваныя, Лукашэнка — нелегітымны. Відавочна, што, апынуўшыся ў татальнай ізаляцыі, дыктатар доўга не пратрымаўся б. А любы іншы — для Расіі лепш», — рэзюмуе Барыс Нямцоў.