МЗС Расіі: ЕС празмерна цісне на Беларусь
Еўрасаюзу не варта было ўводзіць новыя абмежаванні супраць беларускага кіраўніцтва. Пра гэта 21 чэрвеня заявіў упаўнаважаны расійскага міністэрства замежных спраў па пытаннях правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права Канстанцін Даўгоў. “Такая палітыка непрадуктыўная. Якім бы складаным ні быў дыялог з той ці іншай дзяржавай у прававой сферы, гэты дыялог неабходны”, - сказаў ён.
“Трэба даносіць адпаведную пазіцыю. Празмерны націск, у тым ліку па лініі міжнародных арганізацый, непрадуктыўны”, - цытуе прадстаўніка МЗС Расіі РИА “Новости”
Як ужо паведамляў Тэлеграф, рада міністраў замежных спраў краін Еўрасаюза 20 чэрвеня прыняла рашэнне пашырыць візавыя і эканамічныя санкцыі ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якіх у ЕС лічаць датычнымі да “палітычных рэпрэсіяў пасля выбараў 19 снежня”. Так, “чорны спіс” ЕС папоўніўся чатырма новымі прозвішчамі, эканамічныя санкцыі ўведзеныя супраць кампаній “Белтэхэкспарт”, “Спорт-пары” і “БТ Тэлекамунікацыі”.
У адказ на гэта беларускі МЗС заявіў, што ЕС не здольны адэкватна ацэньваць сітуацыю, паколькі “еўрапейская палітыка знаходзіцца ў палоне ілюзій і ілжывых уяўленняў аб рэальным становішчы спраў” у Беларусі.