МЗС: больш за 50 беларускіх медыкаў не захацелі з'яжджаць з Лівіі

10.03.2011 16:30
Архив Редакция

У Лівіі застаецца каля 54 беларускіх медыцынскіх работнікаў. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных. «Шпіталі не закрануты сутыкненнямі, таму ці паўстане неабходнасць забіраць беларускіх медыкаў, пакажа час», — сказаў ён, адзначыўшы, што беларуская амбасада знаходзіцца ў пастаянным кантакце з беларусамі.

Андрэй Савіных паведаміў, што ў Лівію вылецеў самалёт «Белавія», які забярэ беларускіх грамадзян, якія пажадалі пакінуць краіну, а таксама каля 30 расійцаў і прыкладна 20 украінцаў. «На сённяшні дзень гэта ўсе грамадзяне, што захацелі вярнуцца на радзіму», — распавёў прэс-сакратар МЗС, перадае «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Сярод тых, хто пажадаў эвакуявацца 9 беларускіх медыкаў з горада Гадамес, які знаходзіцца ў 700 кіламетрах ад Трыпалю на мяжы з Тунісам і Алжырам.

Як раней паведамляў Тэлеграф, масавыя акцыі пратэсту з патрабаваннем адстаўкі Муамара Кадафі, якія перараслі ў грамадзянскую вайну, працягваюцца ў Лівіі з 15 лютага. Лівійскі лідэр неаднаразова заяўляў, што не пакіне краіну, а людзі, якія выйшлі на акцыі пратэсту, на яго думку, заслугоўваюць смяротнага прысуду. 26 лютага Рада бяспекі ААН увяла санкцыі супраць рэжыму лівійскага лідара Муамара Кадафі, забараніўшы яму, членам яго сям’і і некалькім паплечнікам выязджаць з краіны.

Как вам новость?
Головоломки