МУС: міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме не менш за месяц
Мінская міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме не менш за месяц. Пра гэта 14 красавіка паведаміў журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўген Полудзень. Намеснік міністра нагадаў, што з вечара 11 красавіка міліцыя пераведзена на ўзмоцнены варыянт нясення службы, што азначае адмену адпачынкаў і выходных.
“Супрацоўнікі працуюць па 12 гадзін у суткі і больш. Кабінетныя супрацоўнікі ў вячэрні час забяспечваюць ахову правапарадку на вуліцах гарадоў і ў вёсцы. Ва ўсіх месцах масавага збору людзей праводзяцца надглядныя мерапрыемствы”, - распавёў Яўген Полудзень, перадае БелТА.
Па словах прадстаўніка МУС, ад насельніцтва штодня паступае вялікая колькасць інфармацыі, дзякуючы якой раскрываюцца злачынствы і затрымліваюцца злачынцы. “На жаль, паступае і ілжывая інфармацыя, - адзначыў намеснік міністра. - Па некаторых фактах былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, напрыклад у Наваградку, Гомелі і Мінску. Ілжывыя паведамленні аб мініраванні крамаў, вакзалаў і іншыя падобныя званкі паступаюць у асноўным ад нецвярозых і раней судзімых грамадзян”.
“Такія паведамленні адцягваюць супрацоўнікаў ад асноўнай працы”, - дадаў Яўген Полудзень.