Мінская міліцыя затрымала 70 удзельнікаў бою падушкамі

16.07.2010 11:10
Архив Редакция

У Мінску на пляцоўцы каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 15 ліпеня моладзевае аб'яднанне "гісторыка" планавала правесці пацыфісцкую акцыю "Бой падушкамі", прымеркаваную да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Гарадскімі ўладамі акцыя санкцыянаваная не была. За парушэнне грамадскага парадку супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 70 удзельнікаў бою падушкамі.

Каля 19:00 каля Нацыянальнай бібліятэкі міліцыя пачала затрымліваць ўсіх людзей з падушкамі. Людзей з вялікімі пакетамі, заплечнікамі і торбамі таксама затрымлівалі і абшуквалі. Знойдзеныя падушкі канфіскоўвалі, а да незадаволеных прымаліся меры.

Каля 40 чалавек было заблакавана міліцыяй на выхадзе станцыі метро для таго, каб не дапусціць іх удзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Тых, хто прыйшоў крыху раней, вартавыя парадку прасілі разысціся, папярэджваючы, што збор каля станцыі метро «Усход» забаронены. Тых, хто не прыслухаўся да просьбы міліцыянтаў, затрымлівалі. Толькі перад бітвай міліцыя затрымала і пагрузілі ў аўтобус каля 15 чалавек, паведамляе «Ежедневник».

Тым не менш, акцыя ўсё ж адбылася, праўда, не каля самой бібліятэкі, а крыху паводдаль, на навакольных лугах. Па папярэдніх дадзеных, у баі падушкамі прыняло ўдзел каля 400 чалавек. Многіх з іх пасля заканчэння бою затрымала міліцыя за парушэнне грамадскага парадку. Сярод іх аказаўся і адзін з непасрэдных арганізатараў акцыі, былы палітвязень Андрэй Кім. Затрыманых павезлі на аўтобусах у Першамайскі РУУС Мінску. Фотарэпартаж з бою падушкамі глядзіце на Тэлеграфе.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў МГА «гісторыка» у правядзенні бою падушкамі, прымеркаванага да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы.

Першапачаткова прадстаўнікі ўпраўлення культуры пры Мінгарвыканкаме і міністэрства культуры станоўча ацанілі ідэю правядзення бою падушкамі. Аднак пасля мінскія ўлады заявілі, што «у сувязі з тым, што заява МГА «Гісторыка» аб правядзенні масавага мерапрыемства не адпавядае патрабаванням часткі 5 арт. 5 закона «Аб масавых мерапрыемствах», Мінгарвыканкам не дазваляе правядзенне мерапрыемства на пляцоўцы побач з будынкам Нацыянальнай бібліятэкі».

Как вам новость?