Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня істотна абнавіў урад Беларусі і прызначыў у якасці новага прэм'ер-міністра краіны старшыню прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча. Першым намеснікам прэм'ера прызначаны Уладзімір Сямашка, які займаў гэты пост і ва ўрадзе Беларусі пад кіраўніцтвам Сяргея Сідорскага.
Такім чынам, Міхаіл Мясніковіч змяніў Сяргея Сідорскага на пасадзе прэм’ер-міністра Беларусі. Апошні ўзначальваў Саўмін з 2003 года.
Мясніковіч М.У. — кароткая біяграфія
Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Новы Сноў Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. У 1972 годзе скончыў Берасцейскі інжынерна-будаўнічы інстытут, у 1989 годзе — Мінскую ВПШ. Доктар эканамічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі.
У 1983-1985 гадах — старшыня выканкама Савецкага раённага Савета народных дэпутатаў, намеснік старшыні выканкама Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў.
У 1985-1986 гадах — сакратар Мінскага гаркама КПБ. У 1986-1990 гадах — міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР. У 1990-1991 гадах — намеснік старшыні Савета міністраў БССР, старшыня Дзяржкамітэта БССР па эканоміцы і планаванні. У 1991-1994 гадах — першы намеснік старшыні Савета міністраў Беларусі, у 1994-1995 гадах — намеснік прэм’ер-міністра Беларусі.
У 1995-2001 гадах — кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па асобых даручэннях.
З кастрычніка 2001 года быў старшынём прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Іншыя пасады ў новым ўрадзе Беларусі занялі:
Намеснікам прэм’ер-міністра прэзідэнт Беларусі прызначыў Калініна Анатоля Мікалаевіча, Румаса Сяргея Мікалаевіча, Іванова Валерыя Мікалаевіча, Тозіка Анатоля Апанасавіча. Яны змянілі на гэтай пасадзе Бамбізу Івана Міхайлавіча, Буру Віктара Паўлавіча, Кабякова Андрэя Уладзіміравіча і Патупчыка Уладзіміра Мікалаевіча адпаведна.
Анатоль Калінін быў памочнікам прэзідэнта, галоўным інспектарам па горадзе Мінску (быў прызначаны 4 чэрвеня 2009 года).
Сяргей Румас з 22 верасня 2005 года са згоды кіраўніка дзяржавы быў старшынём праўлення ААТ «Белаграпрамбанк».
Валеры Іваноў быў першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама (з 25 мая 2010 года).
Анатоль Тозік з 13 красавіка 2006 года працаваў надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Кітаі.
У новым урадзе Уладзімір Сямашка працягне курыраваць паліўна-энергетычны комплекс, Анатоль Калінін будзе адказваць за будаўнічы комплекс, Сяргей Румас — за эканоміку і фінансы, Валеры Іваноў — за аграпрамысловы комплекс, Анатоль Тозік — за сацыяльна-культурны комплекс.
Лукашэнка звольніў Зімоўскага з пасады кіраўніка НДТРК Беларусі
Акрамя таго, намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта прызначаны Андрэй Кабякоў, які раней займаў пасаду намесніка старшыні ўрада. Ён змяніў Леаніда Анфімава, які стаў першым намеснікам старшыні Камітэту дзяржкантролю.
Старшынём Камітэту дзяржаўнага кантролю РБ Аляксандр Лукашэнка прызначыў Аляксандра Якабсона, які знаходзіўся раней на пасадзе старшыні Гомельскага аблвыканкама.
Старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі стаў лідар асацыяцыі грамадскіх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў» Генадзь Давыдзька. Ён змяніў на гэтай пасадзе Аляксандра Зімоўскага.
Як ужо паведамляў Тэлеграф, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ўрад Беларусі падаў у адстаўку ў адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны толькі ў дзень інаўгурацыі прэзідэнта. Тады склад урада істотна не змяніўся. Прэзідэнт унёс на разгляд парламенту кандыдатуру Сяргея Сідорскага, які на той момант ужо тры гады ўзначальваў Саўмін. 103 парламентарыя падтрымалі гэтую кандыдатуру, двое выказаліся супраць. Акрамя таго, свае пасты захавалі таксама намеснікі прэм’ера і большасць міністраў.