Лукашэнка: падвышэнне цаны на газ стане для Расіі катастрофай

12.11.2010 15:18
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што "сыход Расіі ад традыцыйных шляхоў экспарту нафты і прыроднага газу абыдзецца ёй даражэй". "Прыроднага газу ў свеце вялікая колькасць. І мне здаецца, што пазіцыя "Газпрома" на павелічэнне кошту на прыродны газ — гэта катастрофа для самога "Газпрома" і ўсёй Расіі, таму што такім чынам яны губляюць ўласныя рынкі", — заявіў кіраўнік дзяржавы ў інтэрв'ю найбуйнейшым СМІ Германіі.

«Гэты год быў самым цяжкім для Беларусі пасля ўвядзення Расіяй мытных пошлінаў на нафту. Але мы выйшлі, і нармальна выйшлі ў гэтым годзе з гэтай сітуацыі. Сёння ўсе нафтаперапрацоўчыя заводы загружаны на 100%», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым беларускі лідар лічыць, што цяперашняя пазіцыя расійскага боку ў дадзеным пытанні «абсалютна контрпрадуктыўная з пункту гледжання эканомікі Расіі». Паводле слоў прэзідэнта, высокія кошты «Газпрома» ў Еўропе на прыродны газ прывялі да таго, што Еўропа пачала шукаць новых пастаўшчыкоў і актыўна будаваць тэрміналы па разрэджванні прыроднага газу, які закупляе ў Катара, Нарвегіі, перадае БелТА.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь будзе працягваць купляць прыродны газ у Расіі, але таксама будзе будаваць тэрміналы па разрэджванні прыроднага газу, каб дыверсіфікаваць гэтыя пастаўкі. «Наша краіна ўжо вядзе пра гэта перамовы з Польшчай», — адзначыў прэзідэнт.

«Што тычыцца нафты, то гэта ўвогуле не праблема — мы будзем нафту завозіць чыгуначнымі саставамі, што сёння і робіцца. Калі будзе нафта таннейшай, і нам гэта будзе выгадна, мы замесцім газ нафтай, нафтапрадуктамі, гэта значыць спальваць на электрастанцыях мы можам мазут, а не прыродны газ, і атрымліваць электраэнергію, таму што прыродны газ у асноўным мы выкарыстоўваем для атрымання электраэнергіі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: Беларусь закупіць у Расіі толькі палову неабходнай нафты

Беларускі лідар паведаміў, што ў 2011 годзе Беларусь мае намер закупіць у Расіі менш за палову неабходнай ёй нафты, а астатні аб’ём атрымаць ад іншых пастаўшчыкоў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь заключыла дамову з Венесуэлай, па якой на працягу трох гадоў атрымае не менш як 30 млн. тон нафты, перадае РИА «Новости».

«Я яшчэ раз падкрэсліваю, Расія павінна падумаць, што яна вельмі інтэнсіўна губляе рынкі збыту. Усё-ткі такая колькасць спажывання прыроднага газу, а гэта каля 25 млрд. кубоў на год ужо ў наступнай пяцігодцы, — гэта добры рынак для Расіі. Я не думаю, што Расія кіне гэтыя нафтаправоды і газаправоды, таму што гэта будзе вялізнае глупства», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Вы ж цудоўна разумееце, што будаўніцтва БТС-2 і Nord Stream каштуе вялізных грошай. І дзе ўзяць гэтыя грошы, як гэтыя грошы аднавіць, як «адбіць» іх, як кажуць бізнэсоўцы? Іх трэба закласці ў кошт газу і нафты, якія будуць пастаўляцца ў Германію. А там і так ужо канкурэнцыя жорсткая, ужо няма куды павышаць цэны», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта Беларусі, фінансавыя і эканамічныя эксперты ў свой час папярэджвалі расійскае кіраўніцтва, што гэта загадзя правальны, стратны праект, і будаваць яго па моры не было неабходнасці.

«З Беларуссю заўсёды можна было дамовіцца, з Польшчай таксама. Створана ўся інфраструктура для будаўніцтва паралельнай трубы газаправода Ямал-Еўропа. Уся інфраструктура ёсць, навошта было лезці ў мора? Тым больш гэта мільярды і мільярды. І гэтыя мільярды трэба ўкласці ў кошт газу, які будзе пастаўляцца ў Германію. А там ужо не 250 даляраў за тысячу кубаметраў газу, а 157. Таму гэта — стратны праект», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Я думаю, што калі-небудзь расійскае кіраўніцтва, і асабліва тыя, хто будзе прадаваць гэты газ і нафту, падумаюць пра тое, што трэба задзейнічаць гэтыя газаправоды і нафтаправоды, якія значна таннейшыя, чым тыя», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки