Кітай можа вылучыць 200 млн. даляраў на рэканструкцыю беларускіх дарог

20.07.2010 15:08
Архив Редакция

Беларусь і Кітай працягваюць перамовы аб выдзяленні крэдыту ў аб'ёме 200 млн. даляраў на рэканструкцыю аўтадарогі М5 Мінск-Гомель на ўчастку Бабруйск-Жлобін. Пра гэта паведаміў 20 ліпеня на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення ўтрымання дарожнай сеткі дэпартаменту "Белаўтадар" Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Аляксандр Галаўнёў.

Па ягоных словах, пытанне аб прыцягненні кітайскага крэдыту прапрацоўваецца, ужо праведзены шэраг перамоваў з кітайскімі банкамі. «Ёсць сур’ёзныя падставы казаць аб тым, што гэты крэдыт будзе вылучаны. За два гады мы павінны гэтую дарогу пабудаваць», — заявіў Аляксандр Галаўнёў, перадае БелТА.

Аднак чыноўнік нагадаў, што кітайскія банкі прапаноўваюць звязаны крэдыт, які прадугледжвае выкарыстанне кітайскіх матэрыялаў і абсталявання і прыцягненне кітайскіх спецыялістаў. Беларускі бок вядзе перамовы пра памяншэнне долі звязанасці. Першапачаткова Кітай настойваў на адпрацоўцы ім 70% планаванага да вылучэння крэдыту, але лічбу ўдалося знізіць да 30%. «Гэта прымальна для нас, у іншым выпадку атрымаецца так, што кітайскія спецыялісты прыедуць да нас, пабудуюць дарогу, заробяць грошы. Нас гэта не задавальняе, бо нашыя дарожныя службы не загружаны цалкам», — заявіў Аляксандр Галаўнёў.

Па словах прадстаўніка «Белаўтадара», бакі яшчэ не выйшлі на ўзровень падпісання праекту, Беларусь жа вядзе пошук кітайскай будаўнічай кампаніі, гатовай працаваць у Беларусі. «Толькі пасля таго, як мы дамовімся аб супрацоўніцтве, кітайскі банк выдзеліць крэдыт», — паведаміў чыноўнік.

Ён таксама паведаміў, што працягваюцца перамовы з Сусветным банкам аб выдзяленні крэдыту на рэканструкцыю гэтай жа аўтадарогі М5, але ўжо на ўчастку Асіповічы-Бабруйск. Па ягоных словах, усе неабходныя дакументы прайшлі ўзгадненне ва ўрадзе, праект быў ухвалены, а мінтранс быў ўпаўнаважаны на падпісанне крэдытнага пагаднення.

Как вам новость?
Головоломки