КДК: ЦТ дазваляе аб'ектыўна ацаніць веды абітурыентаў
Супрацоўнікі КДК прыйшлі да высновы, што аўтаматызаваная праверка выкананых тэставых заданняў цэнтралізаванага тэставання дае аб’ектыўную ацэнку ведаў абітурыентаў. “Сістэма цэнтралізаванага тэставання стварае роўныя ўмовы ацэнкі ведаў абітурыентаў і дазваляе аб’ектыўна іх ацаніць”, - заявіў першы намеснік старшыні КДК Віцебскай вобласці Вадзім Заранкін.
Ён адзначыў, што ў 2010 годзе па звароце бацькоў абітурыентаў, якія атрымалі нізкія балы, прайшла ручная пераправеркі выкананых заданняў, у ходзе якой выстаўленыя раней ацэнкі пацвердзіліся, перадае БелТА.
Для кантролю правядзення цэнтралізаванага тэставання КДК і аблвыканкам Віцебскай вобласці стварылі адпаведныя камісіі па кантролі ў пунктах тэставання, у якія, акрамя супрацоўнікаў КДК, увайшлі дадаткова 416 чалавек: супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадстаўнікі ГА “БРСМ”. “Гэта не недавер да навучальных устаноў, а сістэма дзяржаўнага і грамадскага кантролю”, - сказаў Вадзім Заранкін.
Таксама ў вобласці дзейнічае абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2011 годзе. Яна павінна забяспечыць абітурыентам роўныя магчымасці для паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, абарону іх законных правоў і інтарэсаў, своечасова і якасна разглядаць звароты па пытаннях тэставання і прыёму ва ўстановы адукацыі, прымаць прадугледжаныя меры па выяўленых фактах парушэнняў, а таксама ўносіць прапановы па ўдасканаленні асобных палажэнняў нарматыўна-прававых актаў. У КДК вобласці адкрыта “гарачая лінія”, на якую грамадзяне могуць патэлефанаваць у выпадку ўзнікнення спрэчных пытанняў ЦТ.
У 2011 годзе ЦТ праводзіцца з 14 па 29 чэрвеня, рэзервовым днём для тых, хто па аб’ектыўных прычынах не зможа прайсці цэнтралізаванае тэставанне ў зацверджаныя дні, прызначанае 4 ліпеня.