КДБ правёў ператрус у рэдакцыі "Барысаўскіх навінаў"
Супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі правялі ператрус у рэдакцыі газеты “Борисовские новости” і канфіскавалі ўсю аргтэхніку. Пра гэта паведаміў супрацоўнік газеты Алесь Нікалайчанка.
Ператрус у рэдакцыі “Борисовских новостей” пачаўся раніцай 10 студзеня. Па словах журналіста, пастанова на правядзенне вобшуку было выдадзена Барысаўскім міжраённым аддзялення Камітэту дзяржаўнай бяспекі, перадае БелаПАН.
“Афіцыйна ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы аб беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Але ў мяне склалася ўражанне, што следчых цікавіла ўсё, што звязана з выхадам газеты”, - адзначыў Алесь Нікалайчанка.
Па словах журналіста, следчыя апісалі і канфіскавалі ўсю аргтэхніку. “Канфіскаваныя не толькі сістэмныя блокі камп’ютараў. Забраныя камп’ютарныя мышкі, клавіятуры, маніторы. Забралі нават прынтар і тэлефон-факс. Усё, што ў нас тут засталося з электрапрыбораў, - гэта электрычны чайнік”, - сказаў супрацоўнік газеты.
Як паведаміў Алесь Нікалайчанка, пасля ператрусу ў рэдакцыі следчыя накіраваліся дадому да рэдактара газеты Анатоля Букаса, каб правесці ператрус у яго.