Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Казахстана ў РБ Анатоль Смірноў заявіў, што Казахстан можа прыступіць да паставак нафты ў Беларусь пасля таго, як пачне дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора, але толькі на рынкавых умовах. «Мы гэтую тэму пастаянна падымаем, у рамках АЭП гэтая праблема будзе вырашацца прасцей», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 снежня.
«Можна пастаўляць і нафту, і іншыя карысныя выкапні. У нетрах Казахстана — практычна ўся табліца Мендзялеева. За 15 гадоў у Казахстане склаліся рынкавыя адносіны, і калі дамовяцца кіраўнікі прадпрыемстваў, то калі ласка — будуць пастаўкі», — цытуе казахстанскага амбасадара Сa-news.
Пасол нагадаў, што з 2012 года пачне дзейнічаць Адзіная эканамічная прастора Расіі, Беларусі і Казахстана, паколькі ўжо падпісаны пакет дакументаў па фармаванні АЭП, перадае БелТА.
Ён паведаміў, што кожны год у Казахстане здабываюць каля 80 млн. тон нафты, а праз дзесяць гадоў гэты аб’ём плануецца павялічыць да 130 млн. тон. «Гэта значыць, магчымасці пастаўкі нафты ў нас ёсць. Транзіт нафты праз Беларусь складае каля пяці мільёнаў тон», — растлумачыў Анатоль Смірноў.
Амбасадар Казахстана мяркуе, што ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы пастаўкі нафты ў Беларусь будуць надзейнымі, паколькі іх маршруты будуць узгадняцца краінамі-удзельніцамі Мытнага саюза, а гаспадарчыя суб’екты знойдуць неабходныя рашэнні фінансавых пытанняў.
Па словах Анатоля Смірнова, Казахстан таксама зацікаўлены ў далейшым развіцці паставак прадукцыі з Беларусі.
«Мы зацікаўлены ў пастаўках беларускай прадукцыі, у тым ліку машынабудавання, хімічнай, мэблевай, харчовай і іншых галінаў», — сказаў ён.
Пасол адзначыў, што за 10 месяцаў 2010 года таваразварот Казахстана і Беларусі склаў 681 млн. даляраў і, калі параўноўваць з аналагічным перыядам 2009 года, павялічыўся практычна ўдвая. Аб’ёмы паставак прадукцыі з Беларусі выраслі на 49% і склалі 395 млн. даляраў, з Казахстана — павялічыліся ў 4,8 раза і дасягнулі 285,8 млн. даляраў.
Як раней перадаваў Тэлеграф, пакет пагадненняў па фармаванні Адзінай эканамічнай прасторы ратыфікаваны Беларуссю 21 снежня. Чакаецца ратыфікацыя іншымі краінамі-удзельніцамі Мытнага саюза. АЭП будзе прадугледжваць вольны рух тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы, узгодненую макраэканамічную палітыку. Мытны саюз Беларусі, Казахстана і Расіі быў створаны ў 2007 годзе.