Ярмошына: выбары ў парламент будуць больш ліберальнымі
выбары ў Палату прадстаўнікоў, што маюць адбыцца ў 2012 годзе, будуць не менш ліберальныя, чым мінулыя прэзідэнцкія, і нашмат больш ліберальныя, чым папярэднія парламенцкія, заявіла кіраўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына. “Выбары парламенцкія будуць вельмі адрознівацца ад папярэдніх. Бо на іх з’явіцца тое, што было і падчас прэзідэнцкіх выбараў”, - сказала яна.
Па словах кіраўніцы ЦВК, на выбарах захаваюцца асабістыя фонды кандыдатаў, магчымасць вядзення дэбатаў і заяўны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. “Усе тыя ліберальныя падыходы застануцца, яны нікуды не дзенуцца - яны будуць прымяняцца і падчас правядзення парламенцкіх выбараў”, - адзначыла яна, перадае “Еўрапейскае радыё для Беларусі”.
Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, за дэпутацкія месцы ў 2012 годзе пазмагаецца вялікая колькасць удзельнікаў, у тым ліку далёкіх ад выканаўчай улады, “Белай Русі” ці БРСМ. Яна таксама заявіла, што дзеянні праваахоўных органаў пасля прэзідэнцкіх выбараў не адаб’юць у грамадзян жаданне ўдзельнічаць у парламенцкіх. “Яны актыўныя таму, што яны расследуюць злачынствы, яны абавязаны гэта рабіць. І да выбараў гэта ніякага дачынення не мае. Абсалютна!”, - падкрэсліла кіраўніца ЦВК.