Генеральная пракуратура Беларусі вынесла вуснае папярэджанне кандыдату ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генпракуратуры Павел Радзівонаў.
Па словах прадстаўніка Генпракуратуры, «любыя заклікі да правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў з’яўляюцца неканструктыўнымі і парушаючымі патрабаванні заканадаўства». Пісьмовае папярэджанне аб «неправамернасці прызыву да правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у Мінску» Генпракуратура ўручыць асабіста кандыдату ў прэзідэнты, а таксама накіруе ў Цэнтральную выбарчую камісію, перадае БелТА.
Генпракуратура нагадвае, што Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт выразна вызначыў пералік месцаў, дзе дазволенае правядзенне масавых мерапрыемстваў падчас перадвыбарчай кампаніі кандыдатаў. На думку Паўла Радзівонава, рашэнне Мінгарвыканкама досыць ліберальнае.
Як раней перадаваў Тэлеграф, паводле рашэння Мінгарвыканкама, у Мінску будзе арганізавана 177 пляцовак для агітацыі. Аднак у іх лік не ўваходзяць галоўныя плошчы сталіцы — Кастрычніцкая, Незалежнасці, Перамогі і імя Я. Коласа.
Разам з тым падчас выступу на тэлебачанні кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі запрасіў выбаршчыкаў прыняць удзел у сустрэчы з кандыдатамі 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы, а таксама ў мірным мітынгу непасрэдна ў дзень выбараў 19 снежня.