Экс-прэтэндэнту ў прэзідэнты пагражаюць судом за заклікі да забастоўкі

17.06.2011 09:45
Архив Редакция

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Сяргей Рыжоў паведаміў, што ў Віцебскай абласной пракуратуры яму пагражалі крымінальным пераследам за заклікі да бестэрміновай нацыянальнай забастоўкі, пачынаючы з 3 ліпеня. "Мяне неафіцыйна папярэдзілі, што супраць мяне могуць узбудзіць крымінальную справу, па якой я і буду затрыманы. А вызваляць мяне толькі пасля 3 ліпеня", — сказаў ён.

Палітык паведаміў, што яго схапілі, калі ён выходзіў з паліклінікі, «пасадзілі ў прыватнае аўто і адвезлі да пракурора Алены Казловай». Тая запатрабавала даць пісьмовыя тлумачэнні з нагоды заклікаў да страйку.

Пасля таго, як Сяргей Рыжоў адмовіўся гэта зрабіць, яго прывялі ў кабінет да намеснік пракурора Віцебскай вобласці Рыгора Каранько. «Каранько стаў патрабаваць, каб я падпісаў афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства краіны. Але я і гэтага не стаў падпісваць. Тады ў кабінет у якасці панятых выклікалі супрацоўнікаў пракуратуры, якія засведчылі, што я быў афіцыйна папярэджаны», — паведаміў экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Між тым палітык усё роўна мае намер узяць удзел у страйку. «Я папярэдзіў ў пракуратуры, што 3 ліпеня абавязкова буду на плошчы разам са сваёй сям’ёй. Я не магу заставацца ў баку, калі краіна і народ даведзены да скрайнасці», — сказаў ён.

Мэтай забастоўкі, да якой заклікае Сяргей Рыжоў, з’яўляецца адстаўка прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, вызваленне зняволеных апазіцыянераў і правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў.

Как вам новость?
Головоломки