Дзяржава зноў акажа падтрымку заводу газетнай паперы ў Шклове

28.07.2010 11:44
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне ў чарговы раз аказаць РВУП «Завод газетнай паперы" дадатковую фінансавую дапамогу для стабілізацыі яго фінансава-эканамічнага стану. Завод знаходзіцца ў Шклове (Магілёўская вобласць).

У канцы 2009 года завод быў павінен за пастаўленую драўніну многім лясгасам Беларусі. У выніку для абароны інтарэсаў лесанрыхтоўшчыкаў УП «Беллесэкспарт» звярнулася ў суд з мэтай спагнання з заводу больш як двух млрд. рублёў за драўніну, пастаўленую ў 2008 годзе. Пасля ўмяшання ўладаў праблема з выплатай доўгу была вырашаная, перадае «Ежедневник».

У 2005-2007 гадах Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці на закупку тавараў для будаўніцтва завода атрымаў пад 2% гадавых пазыкі на агульную суму 41,8 млн. даляраў.

Гэтыя сродкі «Беллеспаперапрам» павінен быў аддаваць з 1 студзеня 2010 года, калі «Завод газетнай паперы» мусіў быў пачаць прыносіць прыбытак. Аднак гэтага не адбылося, і прадпрыемству былі вылучаныя новыя пазыкі. Згодна з рашэннем прэзідэнта, канцэрн будзе выплочваць пазыку ў 2015-2020 гадах. З 2013 года пачнецца выплата пазыкі ў памеры 5,98 млн. даляраў, вылучанай на правядзенне працаў па дапрацоўцы абсталявання папераробнай машыны.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, РУП «Завод газетнай паперы» — маладое сучаснае прадпрыемства, якое выкарыстоўвае найноўшыя тэхналогіі і абсталяванне вядучых еўрапейскіх вытворцаў для вырабу высакаякаснай газетнай паперы, піламатэрыялаў, паганажных вырабаў, клеенага брусу, а таксама каркасна-шчытавых дамоў і дамоў з клеенага брусу.

Как вам новость?