Дырэктар НТВ: стратаў ад забароны каналу ў Беларусі не будзе

09.07.2010 09:51
Архив Редакция

Тэлеканал НТВ не пацерпіць, калі яго трансляцыю забароняць ў Беларусі. Пра гэта паведаміў гендырэктар НТВ Уладзімір Кулісцікаў. «НТВ — расійскі канал для расійскіх гледачоў і тых, хто цікавіцца Расіяй за яе межамі. Таму ніякае страты ад таго, што ў якой-небудзь краіне за межамі Расіі глядач пазбавіцца доступу да НТВ, для кампаніі няма», — растлумачыў кіраўнік тэлеканалу.

«Калі такое адбудзецца, усе прэтэнзіі замежны глядач павінен адрасаваць не да нас», — адзначыў генеральны дырэктар каналу ў інтэрв’ю «Камерсанту».

Каментуючы акцыю БРСМ «Асцярожна! Смярдзіць КАнаЛ НТВ!» Уладзімір Кулісцікаў адзначыў, што супрацоўнікі тэлекампаніі «заўсёды цэняць увагу тэлегледачоў і прызвычаіліся да таго, што гэтая ўвага выяўляецца ў форме, адпаведнай іх узроўню». «Ці ўзроўню тых, хто стаіць за імі», — дадаў гендырэктар.

Як раней паведамляў Тэлеграф, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Анатоль Рубінаў выказаў сумнеў на конт мэтазгоднасці супрацоўніцтва «з падобнага роду «каналамі», якія паставілі сабе за мэту цкаванне і прыніжэнне беларусаў». Падставай да такой заявы стаўся паказ па некаторых расійскіх каналах сюжэтаў, якія крытыкуюць палітыку беларускага кіраўніцтва і асабіста прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку.

Так, у сюжэце «Хросны бацька» журналісты НТВ абвінавацілі беларускія ўлады ў датычнасці да забойства ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў некаторых сваіх палітычных апанентаў. «Высоўваць блюзнерскія абвінавачанні на адрас кіраўніка дзяржавы недапушчальна і злачынна», — заявіў прэс-сакратар беларускай амбасады ў Расі Віталь Сліўка.

У адказ на паказ сюжэту актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі правялі ў Мінску акцыю «Спецыяльна для НТВ!». Шостага ліпеня на смеццевых баках на прыпынках уздоўж праспекта Незалежнасці, яны размясцілі налепкі «Спецыяльна для НТВ!», А днём у раёне Камароўскага рынку правялі перфоманс «Асцярожна! Смярдзіць КАнаЛ НТВ!».

У сваю чаргу, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька звярнуўся ў пракуратуру краіны з просьбай праверыць інфармацыю аб злачынствах, здзейсненых падчас прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, аб якіх гаварылася ў сюжэце «Хросны бацька». А лідар незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Зміцер Дашкевіч накіраваў зварот у Мінгарвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці членаў БРСМ, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі шостага ліпеня 2010 года.

Как вам новость?
Головоломки