Chevrolet Янкі Купалы выставяць на два дні каля музея паэта

16.04.2010 11:05
Архив Редакция

Аўтамабіль Chevrolet народнага паэта Беларусі Янкі Купалы выставяць на два дні на паказ для шырокай публікі ля музея паэта. Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Прэзентацыя ўнікальнага музейнага прадмета, падоранага беларускаму літаратару ўрадам, адбудзецца 16 красавіка.

«Гэта аўтамабіль, на якім пісьменнік 24 чэрвеня 1941 года пакінуў Мінск і адправіўся спачатку ў вёску Ляўкі Аршанскага раёна, потым у Маскву, а пазней — у эвакуацыю ў Казань. Да нядаўняга часу машына экспанавалася ў філіяле музея «Ляўкі», а ў лістападзе мінулага года Chevrolet прывезлі ў Мінск», — распавялі ў музеі паэта, перадае БелТА.

Падчас прэзентацыі прагучаць музычныя кампазіцыі на вершы песняра ў выкананні бардаў, а таксама фальклорных гуртоў «Хортыца», Alta Mente. «Упрыгожыць мерапрыемства духавы аркестр «Няміга» пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага, які выконвае музычныя кампазіцыі 30-40-х гадоў мінулага стагоддзя», — адзначылі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Як паведамілі ў музеі, акунуцца ў атмасферу першай паловы XX стагоддзя наведвальнікам дапамогуць «вядомыя персанажы гарадскога жыцця — шафёр, вайскоўцы — артысты студэнцкага тэатра «Жывое слова» Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка».

Акрамя таго, удзельнікі мерапрыемства змогуць пазнаёміцца з матэрыяламі выставы «Клічу вас я на перамогу…» з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Как вам новость?
Головоломки