Былы начальнік мінскага метро не каментуе сваё звальненне

02.06.2011 11:06
Архив Редакция

Былы начальнік Мінскага метрапалітэна Мікалай Андрэеў, зняты з пасады пасля апублікаванага ў інтэрнэце відэа, якое пацвярджае магчымасць вольнага доступу на станцыю мінскага метро "Маскоўская" ў начны час, адмаўляецца каментаваць сваё звальненне. Развітваючыся са сваімі былымі падначаленымі, Мікалай Андрэеў сказаў: "Усім дзякуй за працу".

Калегі Мікалая Андрэева шкадуюць аб звальненні начальніка метро. «Нам вельмі шкада, што ўсё так выйшла. Мы прапрацавалі з Мікалаем Трафімавічам 12 гадоў, а цяпер яго звольнілі. Ён быў добрым кіраўніком», — адзначылі яго калегі.

Сам жа экс-начальнік метрапалітэна, які займаў гэтую пасаду з 1999 года, каментаваць сітуацыю з яго звальненнем адмаўляецца, перадае «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Між тым астатнія супрацоўнікі метрапалітэна пакуль застаюцца пры сваіх пасадах. «Цяпер праходзіць праверка і не выключана, што звольняць яшчэ каго-небудзь. Пакуль жа працуюць усе, у тым ліку і супрацоўнікі міліцыі», — паведамілі працаўнікі метрапалітэна.

У дзяржаўным прадпрыемстве «Мінсктранс», даччыным прадпрыемствам якога і з’яўляецца мінскі метрапалітэн, не ўдакладняюць, ці перавядуць Мікалая Андрэева на іншую пасаду або пасля звальнення ён пойдзе на пенсію.

Як перадаваў Тэлеграф, у ноч на 29 траўня ў Мінску некалькі маладых людзей каля 04:00 праніклі ў
метро на станцыю «Маскоўская». Для гэтага не давялося прадпрымаць
ніякіх намаганняў — дзверы падземкі былі адчыненыя і яе ніхто не
ахоўваў. Скандальнае відэа маладыя людзі выклалі ў інтэрнэт.

Калі відэазапіс разышоўся па інтэрнэце і выклікаў грамадскі рэзананс, генеральны пракурор Беларусі даў даручэнне транспартнаму
пракурору неадкладна правесці праверку захавання службовымі асобамі
Мінскага метрапалітэна заканадаўства, накіраванага на забеспячэнне
бяспекі руху і пасажыраў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
31 траўня на нарадзе аб ходзе расследавання выбуху на станцыі
«Кастрычніцкая» 11 красавіка таксама не абышоў увагай скандальнае відэа. «Адзін
нейкі Антон з хлопцамі праніклі ноччу ў метрапалітэн і здымалі гэта ўсё
на відэа, выклалі гэта ў інтэрнэт: глядзіце — вось як працуе наша
міліцыя і ўсе іншыя на чале з Мальцавым, як яны забяспечваюць выкананне
даручэнняў прэзідэнта. Калі гэтыя факты пацвердзяцца, заўтра без пагонаў
застанецеся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пасля гэтага, 31 траўня генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» падпісаў загад аб звальненні начальніка Мінскага метрапалітэна Мікалая Андрэева.

Как вам новость?
Головоломки