Беларуска-кітайскія СП могуць з'явіцца ў сферы машынабудавання і фармацэўтыкі

20.07.2010 12:30
Архив Редакция

Беларусь і Кітай плануюць развіваць супрацоўніцтва ў галіне машынабудавання, фармацэўтыкі, энергетыкі і іншых галінах прамысловасці. У цяперашні час вывучаюцца магчымасці стварэння новых сумесных прадпрыемстваў. Пра гэта паведаміў сёння намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Цыганаў.

Беларускі ўрад, міністэрствы і ведамствы ў цяперашні час абмяркоўваюць магчымасць стварэння новых навукаёмістых вытворчасцяў. У якасці экспертаў выступаюць навукоўцы беларускай АН, перадае БелТА.

Па словах Аляксандра Цыганава, беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы пастаянна пашыраецца. «Калі раней кітайскія спецыялісты працавалі з беларускімі пераважна ў сферы прыкладных даследаванняў, то сёння яны зацікаўлены развіваць і фундаментальную навуку. У Кітая ёсць добры досвед укаранення ўсяго новага, і гэтаму нам трэба ў іх павучыцца», — выказаў сваё меркаванне намеснік старшыні Прэзідыума НАН.

Нядаўна беларуская дэлегацыя Інстытута цепла-і масаабмену правяла ў Кітаі перамовы аб арганізацыі паставак беларускіх тэхналогіяў і абсталявання на цепластанцыі Кітая. Праект ацэньваюць у 120 млн. даляраў. Аляксандр Цыганаў не ўдакладніў умоваў яго выканання, адзначыўшы, што перамовы яшчэ працягваюцца.

Усяго арганізацыі НАН Беларусі сумесна з кітайскімі партнёрамі на сённяшні дзень выконваюць шэсць праектаў па праграме навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2008-2010 гады і праграме доўгатэрміновага супрацоўніцтва на 2006-2010 гады. У 2011-2012 гадах запланавана выкананне трох сумесных праектаў.

Как вам новость?