Amnesty International просіць Лукашэнку ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне

23.03.2010 19:20
Архив Редакция

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікае прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Арганізацыя апублікавала дадзены заклік пасля таго, як 19 сакавіка стала вядома пра растрэл раней асуджаных Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука. 

«У 2009 годзе ў Беларусі не было ажыццёўлена ніводнага смяротнага пакарання. Вельмі сумна, што беларускія ўлады пайшлі на гэты крок, дзейнічаючы насуперак волі ўсяго свету, які рухаецца да адмены смяротнага пакарання», — падкрэсліла дырэктар праграм Еўропы і Цэнтральнай Азіі Amnesty International Галя Гован.

Па меркаванні прадстаўніка Amnesty International, абодва асуджаныя былі пакараны без магчымасці папярэдняй сустрэчы з бацькамі.

«Улады павінны перадаць іх целы сваякам, калі яны таго захочуць. Калі ж сваякі не пажадаюць забраць целы, дык тады іх неабходна паінфармаваць пра тое, дзе пахаваны іх блізкія», — заявіла Галя Гован.

Па словах праваабаронцы, смяротнае пакаранне з’яўляецца неверагодна жорсткім і нялюдскім пакараннем, бо яно парушае права на жыццё і павінна быць забаронена, паведамляе ІА «REGNUM-Беларусь».

Андрэя Жука засудзілі ў ліпені 2009 за ўзброены напад і забойства двух чалавек, а Васіля Юзэпчука ў чэрвені 2009 года за забойства шасцярых пажылых жанчын.

Как вам новость?
Головоломки